П'янага кіроўцу без правоў адправілі пад арышт, машыну канфіскавалі

Мужчына мусіць заплаціць штраф у памеры 47 мільёнаў рублёў. У яго канфіскаваны аўтамабіль, паведамляе БЕЛТА.



Як высветлілася, 28-гадовы мужчына ніколі не меў правоў кіроўцы. Аднак з 2008 года ён здзейсніў восем сур'ёзных парушэнняў Правілаў дарожнага руху. Гэта — тры факты кіравання аўтамабілем у нецвярозым стане, прычым двойчы яго лавілі п'яным паўторна на працягу года. У 2009-м яго аштрафавалі на 8 мільёнаў рублёў, але мужчына не заплаціў гэтыя грошы.



31 снежня мінулага года мінчука зноў злавілі ў нецвярозым стане, калі ён кіраваў аўтамабілем "Рэно-Шафран" свайго брата. Суд прайшоў 11 сакавіка. Акрамя арышту, канфіскацыі машыны і штрафу, парушальніка на 5 гадоў пазбавалі права кіраваць транспартнымі сродкамі. У выніку, пасля вызвалення мужчына не зможа працаваць на ранейшым месцы працы, паколькі кіраваў пагрузчыкам.



Адзначым, што з пачатку года ў Беларусі ў стане алкагольнага ап'янення за рулём злавілі больш за 5200 кіроўцаў. З іх 10% — паўторнікі. У Мінску з 554 п'яных кіроўцаў паўторна затрымалі 34 чалавек.
 

Фота — Fotolia

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі