П'яны гродзенец у міліцыі збіў доктарку
30-гадовы непрацуючы гродзенец трапіў у непрыемную гісторыю ў выніку празмернага ўжывання алкаголю.
Як паведамляе прэс-служба гродзенскай міліцыі, малады чалавек цэлы дзень піў, а потым пайшоў бадзяцца па горадзе. Нарад палка патрульна-паставой службы міліцыі заўважыў п'янага і даставіў у пастарунак, каб скласці на яго адміністрацыйны пратакол.
Аднак у міліцыі хлопцу стала кепска ад выпітага алкаголю, і яму спатрэбілася дапамога лекара. Міліцыянты выклікалі медыкаў. Дапамогу затрыманаму стала аказваць 54-гадовая доктарка.
Хлопец крыху ачуняў ад нашатырнага спірту. Замест падзякі ён нечакана стукнуў жанчыну кулаком у твары і нагой у жывот.
Міліцыянты адразу ж скруцілі парушальніка. Калі ён крыху працверазеў, то сказаў, што не памятае пра свае ўчынкі ў п'яным стане. Тым не менш на гродзенца пачалі крымінальную справу за хуліганства.
Фота: kakprosto.ru