Расійскі эксперт: ЕАЭС на сёння — не прыярытэтны накірунак для Расіі

Экспертны круглы стол “Еўразійскі саюз: праблемы станаўлення і перспектывы развіцця” прайшоў у Мінску 11 ліпеня, дзякуючы “падтрымцы” амбасады Расіі ў Беларусі і кансалтынгавай кампаніі “Sinkevich Technologies”. Адпаведна, першым з уступным словам і выступае прадстаўнік расійскай амбасады, першы сакратар дыппрадстаўніцтва Аляксей Студнярскі. У сваёй прамове ён асаблівую ўвагу чамусьці звяртае на тое, што ЕАЭС ніякай пагрозы суверэнітэту не нясе.

Аляксей Студнярскі: “Пры падпісанні дакумента было дакладна заяўлена, што Еўразійскі эканамічны саюз будзе працаваць на падставе празрыстых нормаў і прынцыпаў ВТА. І хацелася б асабліва падкрэсліць, што краевугольным каменем у падмурку саюза ляжыць эканоміка: саюз з’яўляецца эканамічным і не закранае пытанне незалежнасці і палітычнага суверэнітэту краін удзельніц”.

                                                Аляксей Студнярскі

На эканамічныя перспектывы звяртае ўвагу і намеснік начальніка ўпраўлення еўразійскай інтэграцыі МЗС Беларусі Аляксей Самасуеў.

Аляксей Самасуеў: “З набыццём моцы дамовы аб Еўразійскім саюзе будзе сфармаваны агульны рынак з насельніцтвам 170 мільёнаў чалавек, з высокім вытворчым і навукова-тэхналагічным патэнцыялам. Беларусь таксама сыходзіць з таго, што будуць створаныя дадатковыя ўмовы для павялічэння аб’ёму ўзаемнага гандлю, рэалізацыі сумесных інвестыцыйных і інавацыйных праектаў”.

                          Аляксей Самасуеў

Але перш, чым пачнуць спраўджвацца аптымістычныя чаканні ініцыятараў і распрацоўшчыкаў ЕАЭС, неабходна вырашыць шмат праблемных пытанняў. І першае: 170 мільёнаў чалавек не дастаткова для стварэння сапраўды эфектыўнага рынка, расчароўвае беларускі эксперт Аляксандр Сінкевіч.

Аляксандр Сінкевіч: “170 мільёнаў чалавек — гэта мала. Таму такой важнай была і застаецца Украіна і яе стаўленне да гэтага ўтварэння. Як і іншых краін. Як, да прыкладу, Усходняя Еўропа будзе гандляваць? Мінімальна 200-250 мільёнаў чалавек павінны быць у рынку. Ды і 3% ад сусветнага ВУП (сумесны патэнцыял Беларусі, Расіі і Казахстана. — заўв. Еўрарадыё) — гэта таксама крайне мала. Неабходна тэрмінова нарошчваць аб’ёмы выпуску, праводзіць рэіндустрыялізацыю і мадэрнізацыю. Геаграфічныя фактары сёння таксама не на карысць Еўразійскага саюза — ён павінен у ідэале абапірацца на натуральныя геаграфічныя межы. І галоўнае, ён павінен несці ў сабе зарад даверу”.

                                         Аляксандр Сінкевіч

Аляксандр Сінкевіч звяртае ўвагу, што з даверам, як мінімум у Беларусі і Расіі, пасля скандала з Беларуськаліем, не ўсё добра. Хаця спадзяецца, што да 2025 года, калі ЕАЭС запрацуе па-сапраўднаму, усе сённяшнія праблемы вырашацца.

Трэба імкнуцца як мага глыбей інтэгравацца ў ЕАЭС, не зважаючы на нейкія пагрозы страты незалежнасці. Суверэнітэт — не больш, чым “шыльда”, уражвае намеснік дырэктара інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі Леў Крыштаповіч.

Леў Крыштаповіч: “Нашы дзяржавы ніколі не адбудуцца, калі яны будуць ісці па лініі еўраінтэграцыі. А вось еўразійская інтэграцыя — гэта шанец для нашых дзяржаў адбыцца і ўмацавацца. Колькі б мы ні казалі пра сваю незалежнасць, свой суверэнітэт, але гэта шмат у чым шыльды. Гэта трэба рэальна ацэньваць і не захапляцца гордай маленькай птушкай, якая нібыта спакойна можа забяспечваць свой суверэнітэт. А еўразійская інтэграцыя дае нам магчымасць быць дзяржавай. Самастойнай і незалежнай”.

Намеснік начальніка ўпраўлення еўразійскай інтэграцыі МЗС Беларусі Аляксей Самасуеў, Леў Крыштаповіч, дарадца амбасады Расіі Уладзімір Марчук і галоўны рэдактар часопіса "Беларуская думка" Вадзім Гігін.

Ва ўсім свеце ўпэўненыя, што ЕАЭС — гэта праект Крамля, зазначае кіраўнік ініцыятывы “Крэатыўная дыпламатыя”, расійскі палітолаг Наталля Бурлінава. І таму пераносяць на гэты праект усё сваё адмоўнае стаўленне да сённяшняй Расіі. І раіць, што найперш сёння трэба рабіць з гэтай галоўнай, на яе думку, праблемай.

Наталля Бурлінава: “Існуе стэрэатыпнае ўспрыманне ЕАЭС праз вобраз Расіі. Гэтая іміджавая праблема — галоўная, якая ў нас з вамі ёсць. І тут трэба больш рабіць саюзнікам Расіі, Казахстана і Беларусі. Але як гэта рабіць, калі ў вас ёсць свае складанасці на рэспубліканскім узроўні з нагоды ўнутранага “спажывання” Еўразійскага саюза? У нас вялікія складанасці з інстытутамі ўнутры ЕАЭС, якія маглі б спрыяць трансляванню пазітыўнага вобраза ЕАЭС. Як унутры, так і на замежжа”.

                   Наталля Бурлінава

Ніхто гэтым піярам ЕАЭС не будзе займацца, бо гэта нікому не патрэбна, сцвярджае кіраўнік службы стратэгічнага планавання асацыяцыі памежнага супрацоўніцтва Аляксандр Сабянін. І дадае: для Пуціна праект ЕАЭС не ўваходзіць нават у пяцёрку прыярытэтных праектаў.

Аляксандр Сабянін: “Цяпер з-за моцнага кадравага голаду толькі на самыя важныя напрамкі накіроўваюцца моцныя кадры. ЕАЭС на сёння не з’яўляецца прыярытэтным накірункам. Не трэба мець ілюзій — ён не ўваходзіць нават у пяцёрку рэальных прыярытэтаў Расіі”.

                                   Аляксандр Сабянін і Юрый Шаўцоў

Але ён будзе ў гэтай пяцёрцы, запэўнівае расійскі эксперт. Праўда, “толькі пасля вяртання Украіны ў рускі свет”.

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі