Перазвані праз 2 гады: як паміж Беларуссю і Расіяй роўмінг “адмянялі”

Перазвані праз 2 гады: як паміж Беларуссю і Расіяй роўмінг “адмянялі”

Роўмінг паміж Беларуссю і Расіяй будзе адменены цягам найбліжэйшых двух гадоў. Такія спадзяванні 21 чэрвеня 2019 года выказаў беларускі пасол у Расіі Уладзімір Сямашка.

 

Перазвані праз 2 гады: як паміж Беларуссю і Расіяй роўмінг “адмянялі”

"Адмену роўмінгу мы разглядаем як важны крок для ўстанаўлення безбар'ернага асяроддзя зносін у Саюзнай дзяржаве [...] Краіны ЕС вырашалі гэтую праблему амаль дзесяць гадоў, але думаю, што сумеснымі намаганнямі мы значна хутчэй створым неабходныя ўмовы і роўмінг будзе адменены ў найбліжэйшыя год-два", — паведаміў дыпламат у інтэрв’ю ТАСС.

 

Размова пра адмену роўмінгу паміж Беларуссю і Расіяй не новая. Гэтая казка пра белага бычка цягнецца ўжо амаль 6 гадоў. Еўрарадыё ўспамінае, хто, калі і якія прагнозы агучваў пра перспектыву безбар’ернай сувязі паміж дзвюма краінамі. А таксама распавядае, якое дачыненне да роўмінгу паміж Беларуссю і Расіяй мае Ілан Маск.

2013 год

Планы тады былі больш амбіцыйнымі: забыць пра роўмінг абяцалі не толькі карыстальнікам мабільнай сувязі Беларусі і Расіі, а ўвогуле жыхарам усіх краін Мытнага саюза.

Такую магчымасць тады агучыў міністр па канкурэнцыі і антыманапольным рэгуляванні Адзінай эканамічнай прасторы Нурлан Алдабергенаў. Па словах палітыка, пытанне адмены роўмінгу званкоў паміж краінамі Мытнага саюза магло быць станоўча вырашана ў найбліжэйшыя 3-4 гады, гэта значыць да 2017 года.

2014 год

Пытанне міжнароднага роўмінгу краін Мытнага саюза абмяркоўваецца Агенцтвам па абароне канкурэнцыі і Еўразійскай эканамічнай камісіяй. Калі будзе рэалізаваны праект? Зноў называецца тэрмін “найбліжэйшыя 3-4 гады”, то-бок адмена роўмінгу перанесена ўжо на 2018 год.

2017 год

Праект закона аб адмене роўмінгу паміж Расіяй і Беларуссю ўнесены ў Дзярждуму РФ. Ініцыятыву расійскіх парламентарыяў ухваліў кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Меркавалася, што змены ў закон "Аб сувязі" ўступяць у сілу з 1 студзеня 2018 года. Аднак навін аб гэтай ініцыятыве больш не было. На расійскім партале прававой і нарматыўна-тэхнічнай дакументацыі гэты праект закона ў падпісаным выглядзе адсутнічае.

2018 год

Міністэрствы сувязі Беларусі і Расіі дамовіліся адмяніць роўмінг паміж краінамі. Што праўда, на сумесным пасяджэнні ведамстваў тэрміны, калі гэта адбудзецца, тады не называліся.  

2019 год

У красавіку кіраўнік Федэральнай антыманапольнай службы Расіі Ігар Арцем’еў распавёў, што вырашэнне пытання з адменай роўмінгу паміж Беларуссю і Расіяй "прасоўваецца добра”. Пра канкрэтныя тэрміны рэалізацыі праекта ён сказаў наступнае: “Я спадзяюся, што ўжо ў канцы гэтага года”.

***

Цяпер жа, паводле пасла Беларусі ў Расіі Уладзіміра Сямашкі, чарговую адмену роўмінгу трэба чакаць да 2021 года.

Але калі зноў штосьці пойдзе не так, то хвалявацца не трэба: сёлета кампанія SpaceX Ілана Маска пачала выводзіць на арбіту спецыяльныя спадарожнікі. Па словах амерыканскага мільярдэра, да 2024 года яны мусяць пакрыць бясплатным інтэрнэтам большую частку Зямлі, а да 2027-га — і ўсю планету. Улічваючы папулярнасць месенджараў, знікне не толькі праблема з роўмінгам, але і ўвогуле патрэба ў мабільнай сувязі.

Як табе такое, Уладзімір Сямашка?

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі