РФ прапаноўвала стварыць агульнае "міністэрства або мытны камітэт" — Лукашэнка

Аляксандр Лукашэнка пераконваў паплечнікаў, што РБ не страчвае суверэнітэт 

Аляксандр Лукашэнка пераконваў паплечнікаў, што РБ не страчвае суверэнітэт  / kommersant.ru

Расія прапаноўвала Беларусі ствараць агульныя міністэрствы. Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка 18 студзеня на нарадзе з кіраўніцтвам Саўміна, калі гаворка ішла пра "карэкціроўку мытнага заканадаўства". Высветлілася, што "для гарманізацыі заканадаўства Беларусі і Расіі" неабходныя змены. Лукашэнка сказаў, што "ў працэсе уніфікацыі нельга ўшчамляць інтарэсы дзяржавы". І дадаў, што гучалі прапановы "ледзь не стварыць адно міністэрства або мытны камітэт" (калі прымалася рашэнне аб уніфікацыі заканадаўства дзвюх краін, у тым ліку ў мытнай сферы).

"Мы катэгарычна ад гэтага адмовіліся і дамовіліся, на вышэйшым дзяржсавеце [саюзнай дзяржавы] у тым ліку, што мы створым адзіную групу, якая будзе ўносіць рэкамендацыі, бачыць, як ажыццяўляецца мытны кантроль і гэтак далей, не пазбаўляючы дзяржавы гэтых паўнамоцтваў і функцый, — цытуе словы Аляксандра Лукашэнкі БЕЛТА. — Мы, Расія і Беларусь, суверэнныя, незалежныя дзяржавы. І з гэтага трэба зыходзіць, прымаючы тыя ці іншыя рашэнні".

Далей Лукашэнка, магчыма, з іроніяй сказаў, што "як бачыце, нам удаецца выбудаваць такія саюзніцкія адносіны [з РФ], якія на планеце ніхто не ведаў і не ведае". І падкрэсліў, што "сістэма агульная, падобная, але павінны быць дзве суверэнныя, незалежныя дзяржавы".

На нарадзе Аляксандр Лукашэнка згадаў публікацыі пра тое, што Беларусь страчвае свой суверэнітэт (яму іх паказалі ў аглядзе СМІ). З гэтым ён не згодны. Сцвярджае, што "на гэтай суверэннай тэрыторыі, якая належыць нашаму народу, прымаем рашэнні толькі мы і дзейнічаем толькі выключна ва ўмовах, якія выгадныя для нас".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі