Рассельгаснагляд вярнуў 420 тон курыных кумпячкоў, якія прыбылі з Беларусі
Рассельгаснагляд вярнуў у Беларусь 420 тон курыных кумпячкоў, вырабленых у ЗША. Як паведамляе прэс-служба ўпраўлення Рассельгаснагляду па Бранскай і Смаленскай абласцях Расіі, гэта адбылося 32 верасня.
Чыгуначны састаў, гружаны амерыканскімі курынымі кумпячкамі, прыйшоў на станцыю "Смаленск-Сартавальны". Згодна з дакументамі, пагрузка мяса ў вагоны праходзіла ў Латвіі, адпраўшчыкам значылася латвійская фірма ТАА "ТрансІстЛагістык". Чыгуначны састаў з'яўляецца ўласнасцю беларускага УП "СІФУД СЭРВІС". Груз ішоў у Рэспубліку Казахстан.
"На тэрыторыю Мытнага саюза прадукцыя прайшла праз пункт пропуску Полацкі, Рэспубліка Беларусь, што пацверджана завяральнымі пячаткамі Дзяржаўнай ветэрынарнай службы Рэспублікі Беларусь", — адзначаюць у Рассельгаснаглядзе.
Расійскія чыноўнікі адзначаюць, што транзіт праз Расію тавараў, якія трапілі пад "харчовае эмбарга", забаронены. Расіяне падазраюць, што ашуканцы выкарыстоўваюць "фальшывы транзіт" для таго каб пастаўляць у Расію санкцыйную прадукцыю.
Да таго ж, пры аглядзе даступнай часткі грузу былі выяўленыя парушэнні. Кантэйнеры былі ў нездавальяючым ветэрынарна-санітарным стане, які не забяспечвае герметычнасць грузу. Транспартная ўпакоўка была пакрытая пластом пылу з буйнымі часціцамі, таксама ўпакоўка мела сляды механічных забруджванняў.
Маркіровачная этыкетка на грузе нанесеная так, што ўпакоўку можна было раскрыць не пашкодзіўшы маркіроўку. Да таго ж, частка ўпакоўкі была парушаная. На частцы транспартнай тары не было штампа з нумарам ветэрынарнага сертыфіката.
З улікам усяго гэтага груз вярнулі з Расіі ў пункт адпраўлення.