Рассельгаснагляд заявіў, што Беларусь пачала кампанію па яго дыскрэдытацыі

Рассельгаснагляд заявіў, што Беларусь пачала кампанію па яго дыскрэдытацыі

У Беларусі пачалася кампанія па дыскрэдытацыі Рассельгаснагляду пасля яго прэтэнзіяў да якасці беларускіх прадуктаў. Пра гэта сайту RNS заявіў памочнік кіраўніка Рассельгаснагляду Аляксей Аляксеенка. Такім чынам расійскі чыноўнік адказаў на заявы беларускага боку, што неадпаведнасці ў беларускай прадукцыі Рассельгаснагляд выяўляе таму, што сам дапускае парушэнні пры адборы пробаў.

З такой заявай выступіў начальнік галоўнага ўпраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Аляксей Багданаў. Акрамя таго, газета "СБ. Беларусь сегодня" паведаміла, што рыхтуе на чацвер публікацыю пра дзейнасць кіраўніка Рассельгаснагляду Сяргея Данкверта.

"Атрыманая адмашка па дыскрэдытацыі Рассельгаснагляду з тым, каб уся прадукцыя прымалася безумоўна пад гарантыі пастаўшчыка. На самай справе плынь прадукцыі з Беларусі вельмі рэзка ўзрасла, а мы заўважалі гэта заўсёды. І па іншых напрамках таксама: калі ўзрастае плынь тавараў, заўсёды падае якасць і пагаршаецца кантроль якасці", — заявіў Аляксеенка.

Чыноўнік падкрэсліў, што пробы прадукцыі адбіраюць Рассельгаснагляд, Расспажыўнагляд і спажывецкія лабараторыі. На яго думку, абвінавачванні ў парушэнні працэдуры не маюць падставаў. А закрываць вочы на знойдзеныя парушэнні азначае дапускаць дэградацыю уласнай галіны, мяркуе Аляксеенка.

Памочнік кіраўніка Рассельгаснагляду прызнаў, што на расійскім рынку сапраўды трапляюцца падробкі беларускай прадукцыі. Напрыклад, фальсіфікаваныя сыры, якія прадаваліся пад выглядам беларускіх, насамрэч былі прывезеныя з Украіны. Але і да беларускай прадукцыі таксама сустракаюцца нараканні, дадаў ён.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі