Re:Песняры: вяртанне Вайцюшкевіча і "Песняры" у рок-клубе (фота)

12 верасня ў сталічным клубе Re:Public адбылася прэзентацыя праекта "Rе:Песняры", прысвечаная 45-й гадавіне легендарных "Песняроў". Прыдумаў і ўвасобіў праект музычны партал Tuzin.fm і яго рэдактар Сяргей Будкін.

Падчас падрыхтоўкі трыб'юта Сяргею давялося сутыкнуцца з цяжкасцямі, якія тычыліся дазволу на выкананне спадчыны "Песняроў". Палкі ў колы ініцыятыве ставілі жонка Уладзіміра Мулявіна Святлана Пенкіна, якой належаць выключныя правы на творы яе мужа, і кампазітар Алег Моўчан, які не дазволіў уключаць у праект яго знакамітую "Малітву". У выніку задума "тузіноўцаў" атрымалася некалькі кастрыраванай. Аднак гэта ніякім чынам не замінула прадставіць праект публіцы.

Пры чым, падчас прэм'еры адбыліся дзве істотныя рэчы. Па-першае, пасля "доўгай зімы" на вялікую сцэну выйшаў Зміцер Вайцюшкевіч (у трыб'юце музыка выдае сваю версію знакамітай "Веранікі"), а па-другое, упершыню ў буйнейшым беларускім рок-клубе выступілі сапраўдныя цяперашнія "Песняры" пад кіраўніцтвам Вячаслава Шарапава.

Больш падрабязна пра падзею мы распавядзем неўзабаве. Пакуль жа глядзіце фота з канцэрта.

Зміцер Вайцюшкевіч з зоркамі беларускага джазу Канстанцінам Гарачым ды Вячаславам Сергеенкам

Сяргей Будкін і удзельнік праекта рэпер SP Kava

Сяргей Пукст і Pukstband прадставілі публіцы незвычайную версію песняроўскай "Александрыны"

Вядучы імпрэзы Алег Хаменка. Дарэчы, Алег разам з "Палацам" узялі ўдзел у праекце з песняй "Завушніцы". 

SP Kava i Angst у межах праекта напісалі ліст Уладзіміру Мулявіну і Янку Купалу ад нашчадкаў

Tonqixod увогуле замарочыліся і рызыкнулі паказаць свой погляд на фрагмент прагрэсіў-ракешнага "Гусляра"

Pomidor/Off абралі з велічэзнай песняроўскай спадчыны хіт 70-х "Скрыпяць мае лапці"

А потым выйшаў на сцэну Дзяржаўны ансамбль "Песняры" пад кіраўніцтвам Вячаслава Шарапава. І зала ажывілася. І ўсе заспявалі радасна "Касіў Ясь канюшыну" і "Зачараваную". І было адчуванне, што дзяржаўны ансамбль стаў нашым, асабістым. Гэта было незабыўна!

Akute з песняроўскіх песень упадабалі "Алесю"

Завяршаў канцэрт "Re:Песняры" гурт Naka, які спакусіўся на знакамітую "Малітву". Але кампазітар Алег Моўчан палічыў, што сучасныя музыкі не могуць перадаць сэнс песні так, як зрабіў гэта Мулявін.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі