Адпраўка паштовак палітвязням завяршылася затрыманнем Дзмітрыева
Як гаворыць Вольга Някляева, сёлета Дзень Волі — гэта свята салідарнасці з палітзняволенымі
Зранку 25 сакавіка актывісты кампаніі “Гавары праўду!” правялі акцыю “Падтрымай зняволеных”, прымеркаваную да Дня Волі. Паводле Андрэя Дзмітрыева, былога кіраўніка выбарчага штаба кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева, яны спадзяюцца, што ўсе паштоўкі трапяць і да тых, хто знаходзіцца за кратамі, і да тых, каго змясцілі пад хатні арышт.
Андрэй Дзмітрыеў: “У гэтых паштоўках няма нічога такога, што магло б перашкодзіць следству — гэта проста словы падтрымкі. Я думаю, што ёсць шанец, што іх прапусцяць. Гэта проста паштоўкі, дзе напісана, што мы падтрымліваем вас, жадаем вам поспехаў, жадаем вам сілы — звычайныя словы падтрымкі. Але яны не звычайныя, калі ты знаходзішся за кратамі: тады гэта вельмі важна”.
За два дні сабралі больш за 1 тысячу лістоў і паштовак са словамі падтрымкі. Частку людзі з рэгіёнаў даслалі самі, а частку даслалі ў Мінск, каб іх наўпрост перадалі сваякам палітвязняў.
Да Галоўпаштамта падышла жонка Аляксандра Фядуты Марыя. Згодна з яе словамі, для чалавека, які знаходзіцца ў СІЗА КДБ, гэтыя паштоўкі не проста весткі з волі.
Марыя Фядута: “Гэта падтрымка неабыякавых людзей, словы салідарнасці і, мусіць, нейкія надзеі на нешта светлае. Будзем думаць менавіта так!”
З тым, што гэтыя словы салідарнасці і падтрымкі вельмі важныя, пагаджаецца і Вольга Някляева.
Вольга Някляева: “Ва Ўладзіміра павышаны ціск з-за таго, што ён нікуды не выходзіць з хаты вось ужо два месяцы. Галава пастаянна баліць. А яшчэ пачаліся праблемы са спінай. Маленькая кватэра, нерухомасць — цяжка. Але вось у Дзень Волі перадалі лісты віншавальныя. Гэта віншаванні са святам, жадаюць людзі здароўя і мужнасці. І я лічу, што ў гэтым годзе гэтае свята — гэта свята салідарнасці з палітзняволенымі”.
А Уладзімір Палажанка выказвае ўпэўненасць у тым, што гэтыя лісты дададуць зняволеным веры.
Уладзімір Палажанка: “Калі б і той жа Статкевіч, і той жа Някляеў, і той жа Фядута, і іншыя, хто сёння знаходзяцца за кратамі альбо пад хатнім арыштам, мелі магчымасць бачыць тых людзей, якія прыходзяць, дасылаюць паштоўкі, іх вера ў народ умацавалася б і маральных сілаў дадалося б”.
Дарэчы, перад тым, як прыйсці да паштамта, актывісты “Гавары праўду” паспелі наведаць Уладзіміра Някляева і Ірыну Халіп. Пабачыць іх, зразумела, не дазволілі супрацоўнікі КДБ, што суткамі знаходзяцца ў кватэры экс-кандыдата і журналісткі, але ім перадалі кветкі і торты. На тортах крэмам намаляваная літара “V” — victoria (перамога).
Пасля адпраўкі паштовак Андрэй Дзмітрыеў накіраваўся ў прыёмную КДБ, дзе ў гэты час знаходзіліся Вольга Бандарэнка і Дар’я Корсак, жонкі Змітра Бандарэнкі і Аляксандра Атрошчанкава. Перадаў ім кветкі і паштоўкі. Па выйсці з КДБ 8 супрацоўнікаў у цывільным “прапанавалі” Андрэю Дзмітрыеву сесці да іх у мікрааўтобус. Дзе зараз знаходзіцца актывіст — невядома.
Фота: Змітра Лукашука