Алесь Бяляцкі: Сказаць у судзе: "Я там быў!" — гэтага мала...

У 10:00 17 лютага пачынаецца першае судовае паседжанне па “Справе 19 снежня”. Першым з абвінавачаных у масавых беспарадках на лаву падсудных сядзе не экс-кандыдат у прэзідэнты і не лідар палітычнай партыі, а просты актывіст кампаніі “Гавары праўду” Васіль Парфянкоў.

“Бачна, што першыя судовыя працэсы з'яўляюцца найбольш простымі для судоў і для следчых органаў. І пачынаюць са звычайных удзельнікаў, — разважае на тэму таго, чаму менавіта з Парфянкова пачынаюцца суды, праваабаронца Алесь Бяляцкі. —На базе гэтых судовых паседжанняў, на базе рашэнняў гэтых судоў, на базе паказанняў сведак і саміх удзельнікаў працэса будуць будавацца абвінавачванні супраць тых, каго называюць арганізатарамі масавых беспарадкаў, якіх пакідаюць на закуску, на потым.

Думаю, што па другім разе не будуць заслухоўвацца сведкі, якія будуць заслухоўвацца зараз. Увогуле будаваць сваю абвінавачвальную пазіцыю пракурорскія супрацоўнікі будуць, шмат у чым улічваючы першыя працэсы. Схема адкатаная, яна адкатвалася яшчэ ў Сталінскія часы на нейкіх такіх групавых справах. Калі спачатку судзіліся шэраговыя ўдзельнікі, а пасля — так званыя арганізатары. Вось яна зараз і ідзе ў ход".

Праваабарончы цэнтр "Вясна" збіраецеся назіраць за працэсамі па “Справе 19 снежня”. Калі, натуральна, суд дасць праваабаронцам такую магчымасць.

“Пра тое, ці будзе суд адкрытым, мы даведаемся толькі 17 лютага. А 10-й пачатак. Натуральна, мы там будзем пры пачатку судовага працэсу. І далей зробяцца зразумелымі нашыя далейшыя дзеянні. Але ўжо пайшла першая трывожная інфармацыя, што некаторыя, а можа і ўсе працэсы датычныя абвінавачаных пасля падзеяў 19 снежня, могуць быць закрытыя. Таму заўтра стане больш зразумела, у якім фармаце будуць адбывацца гэтыя судовыя паседжанні, адпаведна — зможам мы браць удзел у іх ці не", — кажа Бяляцкі.

Каментуючы грамадскую кампанію “Стань сведкам”, якая распачалася 15 лютага і заклікае людзей прыйсці ў суд і засведчыць пра мірны характар акцыі 19 снежня, Алесь Бяляцкі зазначыў: найперш чалавеку трэба добра вызначыцца з тым, пра што ён збіраешся сведчыць…

Алесь Бяляцкі: “Датычна “Справы 19 снежня” вельмі важныя сведкі, якія былі побач з тымі, хто абвінавачваецца, і маглі б даць сведчанні менавіта наконт гэтых канкрэтных людзей. Проста быць удзельнікам акцыі, прыйсці і сказаць: “Я там быў!” — гэтага мала... Але калі вы сапраўды сваімі паказаннямі можаце даць праўдзівую, аб'ектыўную інфармацыю, якая датычыцца абвінавачаных, лепш зрабіць гэта праз адваката! Каардынатары гэтых адвакатаў, іхныя прозвішчы з большага вядомыя. І толькі разам з адвакатам можна добра разабрацца і вырашыць, ці сапраўды сведчанне можа быць карысным для лёсу абвінавачанага".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі