Беларусь запытала ў Чэхіі банкаўскую інфармацыю пра грамадскіх актывістаў

На зарэгістраваную арганізацыю Міжнародны Цэнтр грамадзянскіх ініцыятыў “Наш Дом” Беларусь дасылала запыт Чэхіі яшчэ да прэзідэнцкіх выбараў. У верасні 2010 года кіраўніца арганізацыі Вольга Карач была на допыце ў Фінансавым камітэце Прагі.

Слухаць аўдыёрэпартаж: 110812 EliseeuChehi.mp3

"Я тлумачыла, што не маю банкаўскіх рахункаў. І што гэты запыт – з палітычнай нагоды", – распавяла Карач у размове з карэспандэнтам Еўрарадыё.

Прыватных рахункаў у Чэхіі ў Вольгі няма, але Беларусь зацікавіў рахунак арганізацыі.

У гэтым чэрвені Вользе прыйшоў ліст з беларускай падатковай інспекцыі даць тлумачэнні па факце "прыбыткаў з-за мяжы". Паколькі ў Беларусі яна будзе толькі ў верасні, то дамовілася сустрэцца з падатковай восенню. Толькі тады і стане вядома нагода выкліку, кажа Вольга Карач.

Цалкам верагодна, што гэта звязана з тым самым запытам у Чэхію.

Экс-кандыдат у прэзідэнты Алесь Міхалевіч, які папрасіў палітычнага прытулку ў Чэшскай Рэспубліцы, пра перадачу інфармацыі аб прыватных рахунках не чуў.

Алесь Міхалевіч: "Не так даўно была справа з арганізацыяй “Наш Дом”, але яна тычылася рахункаў арганізацыі, а не прыватных. Пра выдачу прыватных я нічога не чуў, і не хачу ў гэта верыць".

Крыніца ў Празе заверыла Еўрарадыё, што "далікатнай інфармацыі на Бяляцкага і іншых актывістаў Чэхія беларускім уладам не перадавала, прынятыя ўсе захады, каб не дапусціць сітуацыі, падобнай да літоўскай і польскай".

Некалькі месяцаў таму адпаведныя дзяржаўныя органы Чэхіі правялі сустрэчы, каб абмеркаваць недапушчэнне перадачы інфармацыі аб дэмакратычных актывістах беларускім уладам, кажа Катаржына Шпацава, выканаўчы дырэктар арганізацыі “Грамадзянская Беларусь”.

Катаржына Шпацава: "Магу заверыць, што дзяржаўныя органы Чэхіі не перададуць Беларусі інфармацыю пра банкаўскія рахункі дэмакратычных актывістаў, бо падобная інфармацыя можа быць выкарыстаная для пераследу людзей".

Чакаецца, што сёння Міністэрства юстыцыі Чэхіі зробіць адмысловую заяву з гэтай нагоды.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі