Беларускія праваабаронцы заклікалі звяртацца да іх па дапамогу
Беларускія праваабаронцы заклікаюць сваякоў абвінавачваных і падазроных "па падзеях 19 снежня 2010 года" звяртацца па дапамогу да іх.
Аб гэтым БелаПАН паведаміла праваабаронца Таццяна Равяка.
Паводле яе слоў, зараз актывізавалася праца сілавых структур па прыцягненні да адказнасці ўдзельнікаў акцыі 19 снежня 2010 года. "Сталі з'яўляцца новыя абвінавачваныя. Для нас важна, каб гэтыя людзі не засталіся без юрыдычнай дапамогі. Мы гатовы аказваць любую прававую дапамогу, каб іх справы не былі разгледжаны па-за ўвагай беларускіх і міжнародных праваабарончых арганізацый. Мы заклікаем іх не маўчаць, і звяртацца да нас", — адзначыла Равяка.
Яна заявіла, што беларускія праваабаронцы гатовы зрабіць усё магчымае для таго, каб абвінавачваныя па крымінальнай справе аб масавых беспарадках былі вызвалены.
"Людзі не павінны думаць, што іх крымінальныя справы самі сабой растворацца. Гэтага не адбудзецца. У любым выпадку, працэсы па гэтых справах не павінны заставацца незаўважанымі", — лічыць Равяка.
Паводле яе слоў, кантактную інфармацыю з праваабаронцамі можна знайсці на сайце spring96.org.