Брэсан: Бразільцы мяне віншавалі і прасілі майку зборнай Беларусі
Першы беларускі футбаліст, які забіў гол бразільцам, расказаў Еўрарадыё пра сустрэчу з землякамі і пра свой настрой перад гульнёй з Егіптам.
У гістарычным матчы з нашчадкамі Пеле адзіны мяч за нашу каманду забіў бразільскі беларус. Рэнан прагнуў паказаць свой узровень, і яму гэта ўдалося — укалаціў галкіперу Нэта супергол.
Еўрарадыё датэлефанавалася Рэнану, калі ён ехаў з камандай у аўтобусе з Манчэстэра ў Глазга.
Гулец быў у відавочна добрым настроі. Яму спадабалася забіваць у браму сваіх землякоў-бразільцаў. Але і нашчадкі Пеле не крытыкавалі Рэнана за тое, што гуляе за беларусаў.
Рэнан Брэсан: І да гульні, і пасля матчу да мяне падыходзіў галкіпер Бразіліі Нэта, мой былы аднаклубнік.
Еўрарадыё: А дзе вы з ім гулялі?
Рэнан Брэсан: У Atletico Paranaense. Мы з Нэта трошкі ўзгадалі каманду, таму была вельмі прыемная сітуацыя.
Еўрарадыё: А вы майкамі з кім абмяняліся?
Рэнан Брэсан: З Оскарам, 10-м нумарам (забіў нашым трэці гол. — Еўрарадыё).
Бразілец Оскар (справа) з майкай Рэнана Брэсана. Фота AFP
Еўрарадыё: А з заўзятарамі бразільскімі вы камунікавалі? Якое да вас было стаўленне?
Рэнан Брэсан: Вельмі добрае. На стадыёне пасля гульні бразільцы мяне віншавалі. Хоць яны заўзелі за Бразілію, але казалі мне, што я правёў добры матч, забіў прыгожы гол. Трошкі нават за Беларусь заўзелі. Са мной нават сфатаграфаваліся, прасілі майку зборнай Беларусі. Але, на жаль, у мяне яе ўжо не было, таму падарыць не мог. Вельмі прыемна. Але ў нас хутка матч супраць зборнай Егіпта, таму пра гульню з Бразіліяй трэба забыцца.
Еўрарадыё: Наша каманда жыла непадалёк ад бразільцаў. Ці яны адзначалі перамогу з танцамі і бубнамі? Можа, і вы далучыліся?
Рэнан Брэсан: Я такога не бачыў. Яны былі, канешне, задаволеныя: перамаглі і выйшлі з групы. Але ў іх стаяць сур’ёзныя задачы. Думаю, яны будуць святкаваць, калі возьмуць залатыя медалі.
Еўрарадыё: А як здароўе? Чуем, што вы кашлянулі…
Рэнан Брэсан: Нармальна. Стомленасць ёсць, натуральна, пасля дзвюх гульняў. У такім турніры, як Алімпіяда, гуляць няпроста. Яшчэ і ехаць далёка, гэта дрэнна. Але ў Егіпта — тое ж самае. Усе стаміліся, але матывацыя агромністая, каб выйсці з групы. Трэба трошкі пацярпець, гуляць праз не магу. Думаю, у нас добрыя шанцы.
Еўрарадыё: Ваша жонка была на стадыёне. Як яна перамяшчаецца па Брытанскіх выспах?
Рэнан Брэсан: Жонкі ездзяць асобна. Мая жонка Марыяна прыязджала ў Лондан, потым — у Манчэстэр і так далей. Але яна ездзіць асобна ад мяне.