Брэсцкія сябры партыі левых сустрэліся з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў
Тыя паабяцалі партыйцам дапамогу пры ўваходжанні ў выбарчыя камісіі.
Пра гэты ды іншыя акцэнты сустрэчы распавяла адна з яе ініцыятараў, старшыня гарадской арганізацыі Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” Людміла Дзенісенка:
"Закон аб масавых мерапрыемствах, які быў нядаўна прыняты, дэпутаты лічаць адным з самых дэмакратычных у свеце. Мы з гэтай ацэнкай катэгарычна не згодныя — новая рэдакцыя пагоршыла сітуацыю для палітычных партый. Дэпутаты паабяцалі, што калі будуць парламенцкія выбары, мы можам звяртацца да іх па пытанні ўключэння прадстаўнікоў палітычных партый ва ўчастковыя выбарчыя камісіі. Будуць трымаць на кантролі... Што да бясплатнага праезду школьнікаў, дык мы пачулі: грошай на гэтую ільготу ў абласным бюджэце няма".
На сустрэчу пагадзіліся дэпутат па Брэсцкай-Цэнтральнай выбарчай акрузе №2 Ларыса Багдановіч і дэпутат па Брэсцкай-Усходняй акрузе №3 Ганна Анішчук.