Ці застанецца Макей неўязным у ЕС, вызначыцца праз 2 тыдні
Пра гэта ў лісце Еўрарадыё паведаміла прэс-сакратарка Вярхоўнага прадстаўніка па замежных справах і палітыцы бяспекі ЕС Кэтрын Эштан.
“На цяперашні момант Уладзімір Макей знаходзіцца ў “чорным спісе” ЕС. Санкцыі супраць Беларусі мусяць быць пашыраныя пазней у гэтым месяцы (праз 2 тыдні), і гэта той час, калі ЕС прыме рашэнне, ці пакідаць спадара Макея ў спісе неўязных”, — гаворыцца ў паведамленні, якое даслала Еўрарадыё электроннай поштай Мая Качыянчыч.
Нагадаем, сустрэча міністраў замежных спраў краін ЕС адбудзецца 15 кастрычніка ў Люксембургу. Падчас сустрэчы могуць разгледзець і пашырэнне санкцый ЕС супраць афіцыйнага Мінску.
Уладзімір Макей трапіў у "чорны спіс" ЕС пасля разгону акцыі 19 снежня 2010 года. Тады ён узначальваў Адміністрацыю прэзідэнта. Размовы пра выкрэсліванне яго з гэтага спісу ўзніклі пасля таго, як Макея прызначылі міністрам замежных справаў.
Фота — svaboda.org