Дарафеева зарабіла на канцэртах больш за Азаранку?

120220 Luka6uk Darafeeva.mp3

Кожны пяты жыхар краіны мусіў наведаць канцэрт зоркі беларускай эстрады Ірыны Дарафеевай. Менавіта такая выснова вынікае са слоў Ірыны пра тое, што за 18 гадоў сваёй сольнай кар’еры было прададзена 2 мільёны квіткоў на яе канцэрты.


Для Еўрарадыё спявачка ўдакладняе: лічба прыблізная. Хоць яе прадзюсар уважліва вядзе падлікі квіткоў.


Ірына Дарафеева: “І мапа ў нас ёсць Беларусі, з усімі кропкамі, дзе я пабывала са сваімі сольнымі канцэртамі. Але ж гэта не дакладна сказана (лічба ў 2 мільёны — Еўрарадыё), а ў цэлым, прыблізна. Тут жа не кажуць, што роўна 2 мільёны”. Дарафеева: Гэта не дакладна, а прыблізна 2 мільёны


Еўрарадыё пацікавілася, ці патрапілі ў гэтыя 2 мільёны тыя сяляне, камбайнёры ды механізатары, для якіх Дарафеева штогод дае “бясплатныя” канцэрты проста ў палях.


Ірына Дарафеева: “Рэч у тым, што там жа розныя ёсць канцэрты... Канешне”.


Але нават з улікам камбайнёраў лічба ў 2 мільёны ўражвае. Для параўнання Еўрарадыё пацікавілася, колькі за 25 гадоў кар’еры здолеў прадаць квіткоў Аляксандр Саладуха. Той спачатку разгубіўся, а потым... узяўся за калькулятар! І пачаў лічыць...


Аляксандр Саладуха: “Калі шчыра, 2 мільёны... Неяк нават цяжка адразу зарыентавацца. Калі вось гэтыя 365 канцэртаў за пяць апошніх гадоў  — паспрабуем зараз умоўна падлічыць, бяру калькулятар. У мяне розныя былі залы: і 300 месцаў, і 400, і 500, і “тысячнікі”. Ну, возьмем у сярэднім па 500. І 500 гледачоў памнажаем на 365 канцэртаў — 182 тысячы. Мне падаецца, што пра 2 мільёны даволі складана гаворку весці”. Саладуха: Мне падаецца, што пра 2 мільёны даволі складана гаворку весці


Квіток на канцэрт Аляксандра Саладухі каштуе прыблізна 6-7 долараў. Зыходзячы з гэтай лічбы, за ўзгаданыя 365 канцэртаў поп-зорка зарабіла 1 мільён 274 тысячы долараў! Колькі каштуюць квіткі на Дарафееву, спявачка не ведае нават прыблізна: яе гэта... не цікавіць.


Але калі адштурхоўвацца ад тых жа 7 долараў за квіток, то 2 мільёны квіткоў прынеслі артыстцы каля 14 мільёнаў долараў! Гэта больш, чым зарабіла першая ракетка свету Вікторыя Азаранка! Праўда, гэта на ўвесь творчы калектыў “Тэатра Дарафеевай”. Забіраюць сваё і іншыя выдаткі. Прычым, па словах Ірыны, ад 60 да 80% прыбытку.


Самымі запамінальнымі Аляксандр Саладуха называе два канцэрты — у Маладзечне ў 1994 годзе, калі прыйшло паслухаць 20 тысяч чалавек, і 1995 год у Барысаве, дзе ён спяваў “Чужую мілую” перад 30 тысячамі. У адказ Ірына Дарафеева заўважае, што кожны яе канцэрт выбітны і запамінальны.


Нягледзячы на мільёны, Ірына не спяшаецца “замахвацца” на “сольнік” у “Мінск-арэне”.


Ірына Дарафеева: “Не ў бліжэйшы час. Звычайна я раблю канцэрт кожныя 4 гады, так ужо традыцыйна склалася. Трэба даць гледачам, напэўна, крыху засумаваць па мне. А то ўсе “чубяць” за тое, што мяне зашмат, на мяне так лёгка схадзіць, мяне так лёгка пачуць”.


Затое Саладуха дакладна ведае, калі перад ім упадзе самая вялікая пляцоўка краіны: “Мінск-арэна” запланавана на 2014 год.

Фота: http://photo.bymedia.net/

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі