"Дай Дарогу!" спяюць у Варшаве пра "Хлaпакаў з Тэрэсполя"
15 сакавіка галоўныя панкі Беларусі “Дай Дарогу!” запаляць у варшаўскім клубе CDQ. Гэта будзе другі канцэрт брэсцкай каманды ў Польшчы.
Зусім нядаўна "Дай дарогу!" наведалі памежны Тэрэспаль.
“Народу было мала, але ўсе былі ў цяльняшках, — дзеліцца з Еўрарадыё ўражаннямі лідар ДД! Юрый Стыльскі. — Слэміліся. І не так, як у нас, на канцэрты прыходзяць тыя, каму за 13 — школьнікі і студэнты першых курсаў. Там прыходзяць дзяцькі па 20-30 гадоў, і ўсе ў такім маладым запале, што я быў крыху здзіўлены”.
Стыльскі не сумняваецца, што “тэрспальская атмасфера” перакінецца і на варшаўскі канцэрт “Дай Дарогу!”. І што на яго абавязкова прыйдзе беларуская дыяспара і аматары якаснага панк-рока.
“Я некалі даўно рэп польскі слухаў. “Ogurek”, песню памятаю, назву гурта не — пашляціну нейкую спяваюць. Ну, так, прыкольна, — распавядае Юрый Стылльскі. — Ёсць яшчэ такая старажытная спявачка — Марыля Радовіч. Шапэн яшчэ такі добры музыка ў іх быў. Сказаў, што ведаю. А вось па іхнім панк-року не ўгараў ніколі”.
У межах свайго выступу музыкі плануюць сыграць стандартную “калбасу”. Натуральна, што гурт выканае і стары хуліганскі хіт “Chlopaki z Terespolu”.