“Дажынкі” будуць ахоўваць 2 тысячы міліцыянтаў, а ў Лідзе паставяць 12 КПП

Парадак на “Дажынках”, якія пройдуць з 24 па 26 верасня, будуць ахоўваць 2 тысячы міліцыянтаў. Таксама ў Лідзе паставяць 12 кантрольна-прапускных пунктаў. Толькі праз іх можна будзе патрапіць да месца святкаванняў. "Дажынкі" будуць праходзіць на шасці пляцоўках. Для аховы парадку сюды з’едуцца міліцыянты з Гродзенскай вобласці, распавёў Еўрарадыё супрацоўнік лідскай міліцыі Сяргей Саўчык.

Саўчык:Мы мабілізуем усе сілы. На гэта даюцца дадатковыя сродкі. Мабілізуюцца сілы з суседніх раёнаў. Арганізуюцца КПП з металашукальнікамі і дэтэктарамі. У зону правядзення “Дажынак” не дапускаюцца нецвярозыя асобы, людзі з алкаголем і півам. На ахову парадку задзейнічана каля 2 тысяч супрацоўнікаў міліцыі”.

На транспарт, які абслугоўвае свята трэба мець адмысловы пропуск, працягвае супрацоўнік міліцыі.

Саўчык: “Пропускі робяцца для транспарту, які абслугоўвае гандлёвую зону. У нас будзе 7 кіламетраў гандлёвых шэрагаў. Сюды з’едуцца з усёй краіны”.

Калі прыехаць у Ліду на машыне падчас “Дажынак”, то яе давядзецца пакінуць на ўскраіне горада.

Саўчык: “Вы не патрапіце на машыне ў тое месца, дзе праходзіць мерапрыемства. Мы папярэдзілі кіроўцаў, размясцілі ў мясцовай газеце інфармацыю аб тым, якія вуліцы будуць перакрытыя і як будзе рухацца грамадскі транспарт. Калі пакінеце машыну на ўскраіне, пройдзеце КПП, можаце удзельнічаць у свяце”.

Лідскіх школьнікаў чакаюць выхадныя з 24 па 26 верасня, а навучэнцаў тэхнічнага каледжа, які знаходзіцца ў самым цэнтры горада, вызваляць ад заняткаў ужо з гэтай серады. Пра гэта Еўрарадыё распавялі ў прыёмнай навучальнай установы.

Прыёмная каледжа: ”У сераду, чацвер і пятніцу дзеці не вучацца, бо будуць “Дажынкі”.

Да свята ў Лідзе адкрыецца Лядовы палац на тысячу месцаў і шэраг спартовых збудаванняў. У рэканструкцыі горада ўдзельнічалі каля 5 тысяч чалавек і 66 будаўнічых арганізацый. Агулам падрыхтоўка Ліды да “Дажынак-2010” каштавала амаль 87,5 мільёнаў долараў. Нагадаем, па традыцыі "Дажынкі" наведае і кіраўнік краіны.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі