Два беларускія фільмы атрымалі ўзнагароды на фэсце "Залаты жабрак"
XVIII Міжнародны фэст лакальных тэлеканалаў "Залаты жабрак" праходзіў з 12 па 16 чэрвеня ў славацкім горадзе Кошыцэ.
Як паведамляе БелаПАН, у фэсце бралі ўдзел дакументальныя стужкі і праграмы з 21 дзяржавы.
Адмысловым дыпломам журы фэсту адзначаны фільм "Каўчэг Заіра Азгура", які ў 2010 годзе для тэлеканала "Белсат" зняў Андрэй Куціла. Фільм распавядае пра славутага беларускага скульптара.
Галоўную ўзнагароду ў катэгорыі "Прадзюсарскія кампаніі" атрымаў дакументальны фільм "Званар", які на "Беларусьфільме" зняла Кацярына Махава. Стужка распавядае пра лёс 80-гадовага беларускага званара і традыцыі званарства ў Беларусі.
Фота — belsat.eu