Эколагі не выйгралі суд супраць гатэля "Пекін"
Суд Фрунзенскага раёну Мінску адмовіў групе эколагаў у пазове супраць будаўнікоў гатэля.
Пазоў супраць замежнага таварыства з абмежаванай адказнасцю "Гатэль "Пекін-Мінск" падалі грамадскае аб’яднанне "Экадом", архітэктар Уладзімір Зубок і эколаг Валерый Дранчук. Яны хацелі спыніць будаўніцтва гатэля, матывуючы гэта яго шкодным уздзеянне на навакольнае асяроддзе. У чацвер прайшло трэцяе паседжанне па справе.
Як паведамляе Радыё "Свабода", суд быў дзіўным. Па-першае, паседжанне было прызначанае на 18 гадзін, калі суд спыняе працу. Па-другое, паводле хадайніцтва прадстаўніка Ленінскага раёну Мінску суддзя спыніла справу на той падставе, што спрэчка не падведамасная суду. Гэтым былі парушаныя два артыкулы Орхускай канвенцыі, якую падпісала наша краіна. Эколагі збіраюцца абскарджваць рашэнне суда.
Нагадаем, гатэль "Пекін" плануюць збудаваць у Парку 40-годдзя Кастрычніка ў цэнтры Мінску.
Фота — svaboda.org