Форвард “Валенсіі” Раберта Сальдада: Мы прыехалі ў Мінск па ачкі (відэа)

Увечары 22 кастрычніка “Валенсія” прыляцела ў Мінск. Праз 2 гадзіны, галоўны трэнер клуба Маўрысіа Пелегрына і форвард Раберта Сальдада ўжо давалі перадматчавую прэс-канферэнцыю на стадыёне “Дынама”.

Раберта Сальдада адчувае сябе вельмі ўпэўнена. Ён распавядае, што “кажаны” вывучылі гульню БАТЭ, але фаварытамі ўсё ж лічаць сябе. Што праўда, і недаацэньваць саперніка не збіраюцца:

Раберта Сальдада: “Няправільна нават параўноўваць два матчы гульню зборных Іспаніі і Беларусі і нашу гульню з БАТЭ. Мы ўсе ведаем, як гуляе зборная яны нікому не даюць кантраляваць мяч. А небяспека БАТЭ ў пераходзе з абароны ў контратаку”.

Раберта Сальдада


У апошнім матчы іспанскай Прэм’еры “Валенсія” перамагла “Атлетыка”. Іспанцы прыехалі ў Мінск у добрым настроі і спадзяюцца перамагчы БАТЭ… На куражы!

“Мы дзейнічалі як адно цэлае і вельмі ўзрадаваліся перамозе, ― кажа Сальдада. ― Настрой вельмі добры і аптымістычны”.

Маўрысіа Пелегрына выказваецца нашмат больш сціпла. Каманда даўно не выйгравала ў гасцях, і гэта "абавязкова трэба змяніць". Прыемна, калі “Валенсія” адсвяткуе перамогу менавіта ў матчы з БАТЭ, значнасць якога цяжка пераацаніць. Маўляў, у выпадку перамогі 23 кастрычніка наступны матч (які “кажаны” таксама гуляюць супраць БАТЭ) будзе вельмі важны, у выпадку нічыёй ― яшчэ важнейшы.

Маўрысіа Пелегрына: “Калі гляджу на табліцу групы F – думаю толькі пра сваю каманду. Бо БАТЭ выйграла матчы заслужана. Я заўжды казаў, што футбол расстаўляе ўсіх па сваіх месцах”.

“Валенсія” адмовілася праводзіць перадматчавую трэніроўку на “Дынама”. Па словах Пелегрына, каманда за апошні тыдзень вельмі стамілася:

“У нас шмат гульцоў, занятых у нацыянальнай камандзе. У нас быў матч у суботу. Таму ёсць стома. Таму мы і не прыехалі загадзя, каб патрэніравацца на “Дынама”. На нашай уласнай базе ў нас больш магчымасцяў для ўзнаўлення”.

Маўрысіа Пелегрына


Да стомы дадалася нечаканая праблема: варатару “Валенсіі” Вісэнтэ Гуайта падчас пералёта стала так дрэнна, што ён нават ванітаваў... Ці будзе ён гуляць у першым матчы супраць БАТЭ ― вырашыцца раніцай.

Што да тактыкі ― Маўрысіа Пелегрына паўтарае традыцыйную для іспанцаў мантру “Мы паспрабуем больш кантраляваць мяч”. Што праўда, у нядаўнім матчы чэмпіяната Іспаніі супраць “Левантэ” футбалісты “Валенсіі” мелі вялікую перавагу ў валоданні мячом. Але ўсё ж прайгралі…

***

Нагадаем, матч групавога этапа футбольнай Лігі чэмпіёнаў паміж барысаўскім БАТЭ і іспанскай "Валенсіяй"пройдзе на "Дынама" 23 кастрычніка (пачатак — у 21.45). Жывая трансляцыя запланаваная на тэлеканале "Беларусь-2".

Як паведамляе "Прессбол", на матч прададзена 27 тысяч білетаў.

БАТЭ з'яўляецца лідарам групы — 6 ачкоў, у "Баварыі" і "Валенсіі" — па 3 ачкі, у французскага "Ліля" ачкоў няма.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі