Гемарой, плоскаступнёвасць і язва не ўратуюць ад службы ў войску?

З 1 жніўня дзейнічае пастанова №33/85, што скараціла спіс захворванняў, наяўнасць якіх раней расцэньвалася як непрыдатнасць да войска.

Маладыя людзі, якія зараз праходзяць праз працэдуры восеньскага прызыву, ужо сутыкнуліся з новаўвядзеннямі.

Мінскі прызыўнік Пётр Л. яшчэ паўгода таму быў упэўнены, што ён — непрыдатны да службы. Прайшоўшы нядаўна медкамісію, ён рады і таму, што бяруць у рэзерв.

"Былі прызыўнікі, якія прыходзілі з цэлымі стосамі папер, разлічвалі, што іх не возьмуць, — распавядае Пётр. — Але ўзялі. Яны хадзілі, абураліся, але ўсё без сэнсу". 

Прэс-сакратар Міністэрства абароны Уладзімір Макараў тлумачыць Еўрарадыё, што спіс скараціўся, бо сучаснае развіццё медыцыны дазваляе больш дакладна высвятляць ступень захворванняў. То бок сёння можна з большай верагоднасцю вызначаць стан рэмісіі, калі хвароба ўжо не нясе небяспекі салдату.

Ды і прызываць маладзёнаў, у якіх ёсць, скажам, грыжа ці плоскаступнёвасць, будуць не ў дэсантнікі, памежнікі і іншыя элітныя віды войскаў, а ў хімічную абарону, зенітчыкі і гэтак далей.

Знаёмімся з пастановай №33/85. Напрыклад, з захворваннем “гемарой” вы можаце быць прыдатным для службы, калі “грыжы нязначных памераў, лёгкакіравальныя, знікаюць самастойна пры гарызантальным становішчы цела”. Грыжа не перашкодзіць войску, калі лячэнне праходзіць паспяхова, а абвастрэнні здараюцца тры разы на год і менш.

Куды цяжэй сёння атрымаць непрыдатнасць і з плоскаступнёвасцю, калі гэта захворванне ў вас “першай альбо другой ступені з дэфармуючым артрозам першай альбо другой стадыі суставаў сярэдняга аддзела ступні”.

Няма гарантыі, што прызыўнік пазбегне войска па праблемах ціску, скаліёзу, язвы…

Разабрацца ў афіцыйным дакуменце зможа не кожны прызыўнік. Цікавімся ў адным з раённых камісарыятаў Мінска, ці забяруць у войска, напрыклад, з язвай.

"Вы будзеце прыдатны, але залежыць, якая гэта язва, — адказваюць у РВК. — Можа быць, у вас там эрозіі альбо яшчэ нейкія ўскладненні. Даследаванне ўсё пакажа".

Генерал у адстаўцы Валерый Фралоў не бачыць небяспекі для здароўя такіх навабранцаў:

"Узровень падрыхтоўкі ў такіх часцях, з-за эканамічнай сітуацыі і іншых прычын, абсалютна не той, які быў у савецкай арміі. Дзесьці мятуць, дзесьці скрабуць, капаюць, часам страляюць, магутных вучэнняў няма".

Валерый Фралоў лічыць, што такая служба для многіх можа стаць карыснай:

"Усё ж якая-ніякая дысцыпліна там ёсць, і я разглядаю, што калі яны туды пойдуць, то цвярозы лад жыцця будзе да лепшага. Многія з моладзі п’юць і “шыраюцца”. У кожнай ваеннай часці простае, здаровае харчаванне, ёсць санчасці. Такая служба, можа быць, і на карысць пойдзе. У мяне такая думка".

Як даведалася Еўрарадыё, па выніках апошняга веснавога прызыву, калі новаўвядзенні не дзейнічалі, праз ваенкаматы ў Беларусі прайшло каля 70 тысяч чалавек. Каля 10 тысяч маладых людзей адправілі на тэрміновую службу. Выходзіць, што толькі адзін з сямі хлопцаў, якія прайшлі праз ваенкамат, надзявае армейскія боты.

46 тысяч прызыўнікоў (больш за палову) атрымалі адтэрміноўкі праз стан здароўя, сямейнае становішча і гэтак далей. Астатнім дазволілі службу ў рэзерве ці адправілі ў запас па стане здароўя.

Паводле афіцыйнай інфармацыі, беларускія Узброеныя сілы не маюць праблемаў з укамплектаваннем, свае планы ваенкаматы выконваюць.

Але дэмаграфічная яма 90-х можа яшчэ больш ускладніць задачу набору ў войска. Магчыма, разлік зроблены на тое, што скарочаны спіс захворванняў, з-за якіх можна пазбегнуць службы, выратуе армію ад недабору кадраў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі