Івянецкая міліцыя пазбірала мядзведзікаў-парашутыстаў
Цяпер цацкі знаходзяцца ў пастарунку, пра гэта паведамляюць жыхары гарадскога пасёлка Івянец.
Нагадаем, што паведамленне пра плюшавых мядзведзікаў, раскіданых над Мінскам, з'явілася ўчора зранку. Іх раскідаў нібыта лёгкі самалёт, які прыляцеў з боку Літвы. Паведамлялася, што акцыю зладзілі грамадзяне Швецыі. Мінабароны Беларусі ўчора заявіла, што паветраную мяжу ніхто не парушаў. Таксама ўчора паведамлялася, быццам уся акцыя прайшла ў Швецыі. Адно з піяр-агенцтваў заявіла, што хацела такім чынам звярнуць увагу на сітуацыю са свабодай слова ў Беларусі.
Аднак сёння з'явілася відэа з палёту самалёта над Івянцом і з "дэсантаваннем" мядзведзікаў.
Супрацоўніца івянецкага ЖКГ паведаміла Радыё Свабода, што пра скінутыя з самалёта чорныя пакункі спачатку праінфармавала сваё кіраўніцтва, а пасля імі занялася міліцыя. Паводле яе словаў, да парашуцікаў былі прымацаваныя цацкі і цыдулкі на замежнай мове.