Кандыдаты ў прэзідэнты: Пры нас долар каштаваў бы не больш за 6 тысяч

111219 Pilecki Kandydaty 1.mp3

111219 Pilecki Kandydaty 2.mp3

Экс-кандыдат у прэзідэнты Віктар Цярэшчанка расказвае Еўрарадыё, што калі б выйграў леташнія выбары, запрасіў бы ў дзяржаўны апарат усіх астатніх кандыдатаў, акрамя аднаго.

“Гэта таленавітыя людзі па жаданні і адукацыі, яны могуць быць у кіраванні дзяржавай ад прадпрыемстваў і ведамстваў да міністэрстваў. Магчыма, акрамя некаторых, хто падманваў выбаршчыкаў, калі называў сябе эканамістам, не маючы дыплома. Нажаль, з боку ўлады яны ізгоі”.


Запрасіў бы Цярэшчанка і сёлетняга кіраўніка краіны. Праўда, на якую пасаду, не ўдакладняе. Курс долара, паводле Цярэшчанкі, таксама быў бы іншы.

“Мы б мелі той жа курс, як і ў снежні мінулага году. Максімум —  розніца да 3-4%”.

У снежні курс быў 3000 рублёў за долар. Цяпер —  8450. У 2012 годзе Віктар Цярэшчанка правёў бы дэнамінацыю і прыбраў з беларускага рубля два ці тры нуля.

Іншы кандыдат, Віталь Рымашэўскі, прыбраў бы не нулі, а сам рубель. А замест яго ўвёў бы талер.

“Назва нашых грошай мусіць змяніцца. Гэты быў бы талер. Яго кошт бы прывязваўся да кошыка еўрапейскай валюты. Гэта быў бы адзін талер за еўра”.


Колькі б каштавалі пры яго ўладзе бульба і памідоры, Рымашэўскі не ведае, бо сам бы гэтыя кошты не вызначаў. Даручыў бы гэтую справу рынку. Змяніўся б і дабрабыт беларусаў. Леташні кандыдат Віталь Рымашэўскі абяцае ледзь не залатыя горы.

“Дабрабыт беларусаў вымяралі б не ў колькасці прадуктаў, а ў колькасці машын ці кватэр”.

Былы кандыдат у прэзідэнты Дзмітры Ус не хоча фантазіраваць на тэму будучыні краіны пад яго кіраўніцтвам. Маўляў, ні курс, ні буйныя прадпрыемствы назад не вернеш, як і не прышыеш назад ужо адсечаную руку.

Што тычыцца іншых кандыдатаў, то ён бы ўзяў іх у каманду, а краіну зрабіў бы парламенцкай рэспублікай.

“Я б узяў у каманду і Статкевіча, і Саннікава, і ўсіх разумных людзей. А потым —  зрабіў бы парламенцкую рэспубліку. Прэзідэнцтва ліквідаваў бы”.

Былы кандыдат у прэзідэнты ад Партыі БНФ Рыгор Кастусёў расказвае Еўрарадыё, што ні пры якіх умовах не прадаваў бы “Белтрансгаз”. Ён лічыць яго нацыянальным багаццем.

“Ні ў якім разе ён не быў бы прададзены пры маім прэзідэнцтве. І я выступаў, і Партыя БНФ выступае за тое, каб і першую частку, якая была прададзена раней, вярнуць беларускаму народу. Гэта не іржавая труба, як выказваліся іншыя палітыкі, гэта каштоўнасць усяго беларускага народу”.

Кандыдат ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Яраслаў Раманчук, імя якога ў самой партыі больш не згадваюць, таксама не хацеў бы дапускаць поўнага продажу такога важнага для Беларусі прадпрыемства.

“Продажу — можа, не. Але, безумоўна, тая схема, якую я прапанаваў і якой прытрымліваюся сёння —  перадача 25% акцый “Белтрансгаза” і ўсіх стратэгічных прадпрыемстваў у пенсійны фонд, з’яўлялася б значна большай гарантыяй дзяржаўных абавязкаў у дачыненні да пенсіянераў. І мы мелі б не толькі грошы, якія мы праямо, але значна больш стабільнасці пенсійнага фонду і бюджэту ў цэлым”.

Дарэчы, калі верыць словам Раманчука, то пазбегнуў бы ён не толькі продажу “Белтрансгаза”. Эканаміст сцвярджае, што пры яго прэзідэнцтве курс долара не перавысіў бы 6 тысяч рублёў.

“Калі не друкаваць грошай у 2011 годзе, то я думаю, што курс быў бы недзе 5500-6000. І ён не меў бы такой тэндэнцыі да дэвальвацыі ў 2012 годзе, як сёння”.

Дарэчы, як даведалася Еўрарадыё, большасць кандыдатаў дзейснаму прэзідэнту шкоды б ніякай не рабіла. Уладзімір Някляеў гаворыць, што нават дазволіў бы Лукашэнку заставацца ў палітыцы.

“Я б з ім так, як ён абыходзіўся з усімі іншымі кандыдатамі ў прэзідэнты, не абыходзіўся. У сваім выступленні перад выбарамі, па тэлебачанні, я абазначыў ягоны лёс —  калі хочаш, стварай апазіцыю канструктыўную, чаго ты патрабуеш ад сённяшняй палітычнай апазіцыі, калі хочаш — скарыстоўвай свой вопыт, свой досвед на карысць краіны”.


Алесь Міхалевіч, які зараз фактычна знаходзіцца ва ўцёках ад беларускіх спецслужбаў, пачынае гаварыць пра больш надзённыя справы. Ён кажа, што пры яго прэзідэнцтве беларусы былі б значна бліжэй да Еўропы. А еўрапейцы — да нас.

“Ужо на сённяшні дзень можна было б усім замежнікам уязджаць у Беларусь без візы. Упэўнены, што ўжо была б нашмат лягчэйшая працэдура атрымання візы для беларусаў. Я думаю, што ўдалося б пазбегнуць продажу “Белтрансгаза”. Хаця вельмі цяжка казаць канкрэтна. Фінансавая сітуацыя на момант выбараў была вельмі крытычная. Вельмі дрэнная”.


Як і Някляеў, Міхалевіч не помсціў бы Лукашэнку —  а нават гарантаваў бы яму недатыкальнасць, як і абяцаў падчас выбарчай кампаніі.

“Тое, што я і абяцаў падчас прэзідэнцкіх выбараў. Даў бы яму гарантыі. Недатыкальнасць. Беларусь была б нашмат бліжэй да прававой дзяржавы, чым цяпер. Таму пра ўсіх людзей казаць вельмі цяжка. Але ў выпадку мірнай перадачы ўлады, я казаў на выбарах, як гаспадар свайго слова я б рабіў усё магчымае, каб гэтую бяспеку Лукашэнку гарантаваць”.

Па зразумелых прычынах, Еўрарадыё не змагло паразмаўляць з яшчэ двума кандыдатамі ад апазіцыі —  Андрэем Саннікавым і Міколам Статкевічам.

Даведацца іх пазіцыю адносна лёсу дзейснага кіраўніка краіны было б вельмі цікава.

Фота: bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі