Кіраўнікі Партыі БНФ будуць працаваць “прэзідэнцкімі цыкламі”
Старшынёўства ў Партыі БНФ абмежавалі двума тэрмінамі. Адпаведныя змены ў статут партыі прынятыя сёння на з’ездзе арганізацыі.
Як паведаміў сябра сойму Аляксей Чарняеў, гэта павінна палепшыць імідж партыі, спрыяць ратацыі кадраў. Апрача таго, у статут унесены змены, у адпаведнасці з якімі з’езд будзе праводзіцца не радзей за адзін раз цягам трох год замест цяперашніх двух.
Такім чынам, адзін чалавек зможа кіраваць партыяй шэсць год запар, перадае БелаПАН. Гэта, па словах Чарняева, адпавядае “поўнаму прэзідэнцкаму цыклу”. У Беларусі, як вядома, выбары прэзідэнта адбываюцца раз на пяць год.