Лукашэнка даручыў дапрацаваць праект новага "спартыўнага" ўказа
29 студзеня прайшла нарада аб мерах дзяржаўнай падтрымкі спартыўных арганізацый.
Па яе выніках Аляксандр Лукашэнка даручыў дапрацаваць праект новага ўказа аб аказанні падтрымкі арганізацыям фізічнай культуры і спорту. Ён павінен максімальна забяспечыць справядлівыя ўмовы іх функцыянавання і эфектыўнае размеркаванне дзяржаўных сродкаў. Ранейшы ўказ дзейнічаў да канца 2012 года, нагадвае БелаПАН.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што за мяжой, у тым ліку ў НХЛ, ёсць пэўныя абмежаванні па бюджэце заработнай платы: "За мяжой гэта ўжо выпакутавана. Я толькі не разумею, чаму кіраўнікі федэрацый і ўрад не пераносяць гэта на нашу зямлю?!"
"Ніякага працягу ўказа не будзе, пакуль вы гэта не адрэгулюеце, — падкрэсліў беларускі кіраўнік. — Фонд зарплаты павінен быць вызначаны. І ён павінен быць выраўнаваны. А за кошт добрай гульні, найперш высокага месца, якое ты заняў, можаш атрымаць даплату са спонсарскіх і іншых сродкаў".