Мікалая Статкевіча перавялі ў цяплейшую і святлейшую камеру
У выходныя палітвязень патэлефанаваў жонцы Марыне Адамовіч — папярэдні званок быў 2 месяцы таму.
Як паведаміла жонка ў каментары Радыё "Свабода", Статкевіч бадзёры і вясёлы, як заўсёды. Палітвязень паведаміў, што ў турме ўсё істотна памянялася, сталі раптам прытрымлівацца Крымінальна-выканаўчага кодэксу. Таксама Статкевіч сказаў, што яго перавялі ў іншую камеру, больш цёплую і светлую, чым ранейшая.
Таксама Марына Адамовіч атрымала адразу два лісты ад мужа. Статкевіч са спазненнем даведаўся, што анархіст Мікалай Дзядок знаходзіцца ў памяшканні камернага тыпу ў Шклоўскай калоніі. Ён згадвае свой вопыт знаходжання ў ПКТ. Статкевіч піша, што ў камеры няма ніводнага акна, вісіць адна лямпачка ў 40 ват за жалезнай заслонай з дзірачкамі. Вязняў выводзяць гуляць а палове сёмай раніцы на паўгадзіны, калі сонца яшчэ няма.
Нагадаем, што экс-кандыдат у прэзідэнты Статкевіч пакараны 6-гадовым зняволеннем за акцыю 19 снежня 2010 года. Зараз ён адбывае пакаранне ў Магілёўскай крытай турме.