Героя скандальнага відэа з Калінкавічаў выпісалі з бальніцы
Сёння ў сацыяльнай сетцы "Вконтакте" з'явілася відэа, дзе на вачах у сведкаў міліцыянты трымаюць чалавека, які ляжыць у лужыне крыві.
Шэраг СМІ паведамілі, што непаўналетняга юнака пасля "кантакту" з міліцыянтамі 1 траўня даставілі ў лякарню з пераломам шыі, дыхаць самастойна ён не можа, патрэбна аперацыя.
У калінкавіцкай міліцыі, аднак, карэспандэнту Еўрарадыё гэтую інфармацыю абверглі. Першы намеснік начальніка раённай міліцыі Аляксандр Сівак кажа, што яго падначаленыя спынялі бойку паміж двума юнакамі. Аднаго з з іх затрымалі, другога зараз шукаюць.
Сівак: "Пры затрыманні аднаго ён аказаў непадпарадкаванне. Была ўжытая фізічная сіла. Быў гэты малады чалавек затрыманы і дастаўлены ў лякарню для аказання медыцынскай дапамогі. Даставілі — таму што ён так пажадаў. Была бойка. З боку работнікаў міліцыі яму ніякія ўдары не наносіліся. Быў ужыты прыём самаабароны — загін рукі за спіну".
Па словах Сівака, зараз вядзецца праверка інцыдэнту. Па яго словах, звестак пра значныя траўмы затрыманага ў міліцыі няма.
Увечары ў пятніцу БелаПАН паведаміў, што юнака пасля абследаванняў выпісалі з бальніцы, дзе ён знаходзіўся два дні, на амбулаторнае лячэнне. Лекары выявілі ў яго на твары і шыі толькі нязначныя пашкоджанні.