Мінскае “Юнацтва” прайграла 10 матчаў запар у МХЛ
6 кастрычніка каманда саступіла ў гасцях у Васкрасенску мясцоваму “Хіміку” на матчы чэмпіянату Моладзевай хакейнай лігі.
Вынік гульні — 2:5. На дзень раней мінчане таксама прайгралі “Хіміку” — 3:4. Са старту першынства МХЛ “Юнацтва” прайграла ўжо 17 з 18 паядынкаў, паведамляе БЕЛТА. Адзінай перамогай у сёлетнім чэмпіянаце была хатняя сустрэча з мыцішчанскімі “Атлантамі” (5:4 у авертайме).
Другі прадстаўнік Беларусі ў Моладзевай хакейнай лізе бабруйскі “Дынама-Шыннік” 6 кастрычніка атрымаў трэцюю запар перамогу, і ў паўторным матчы адолеў у Маскве аднаго з лідараў турніру “Спартак” — 5:3. Напярэдадні лік матчу быў 2:1 на карысць бабруйчанаў.
8-9 кастрычніка “Дынама-Шыннік” паедзе ў госці да “Хіміка”, а “Юнацтва” накіруецца ў Маскву да “Спартака”.
Пасля 18 матчаў бабруйскі клуб мае 26 ачкоў і займае 10 месца з 17 каманд у турнірнай табліцы Заходняй канферэнцыі. “Юнацтва” займае апошні, 17-ты радок.