Моладзевыя арганізацыі вырашаюць, ці трэба ім Усходняе Партнёрства

25 кастрычніка ў Мінску моладзевыя актывісты вырашалі, ці трэба ім кансалідавацца і выходзіць на міжнародны ўзровень.

Элада Гукасава, старшыня Рады Альтэрнатыўнай моладзевай платформы (пад эгідай каторай адбыўся круглы стол), кажа, што трэба аб'ядноўвацца пад крылом Нацыянальнай платформы Форума грамадзянскай супольнасці.

Элада Гукасава: "Пакуль мы будуем свае малыя дамкі. Але калі мы, моладзевыя арганізацыі, хочам расці і развівацца, то можам зрабіць гэта толькі разам і выявіць, якія патрэбы ў нашых мэтавых групаў".

Дарэчы, Форум грамадзянскай супольнасці з удзелам арганізацый краін нашага рэгіёна пройдзе ў Швецыі ў канцы лістапада. Там будуць прадстаўнікі 23 беларускіх арганізацый, 5 з каторых - моладзевыя.

Нягледзячы на тое, што ініцыятыва ЕС "Усходняе Партнёрства" дзейнічае ўжо тры гады, большасць моладзевых арганізацый краін рэгіёна маюць пра яе вельмі слабое ўяўленне, тлумачыць Элада.

Элада Гукасава: "Пасля форума ў Познані адбывалася сустрэча моладзевых арганізацый краін УП у Арменіі. І 90% удзельнікаў зусім не ведалі, для чаго ствараецца ініцыятыва, што яна сабой уяўляе, як там можна прасоўваць свае інтарэсы".

Не ўсе прысутныя на круглым стале моладзевыя актывісты бачаць патрэбу ў стварэнні асобнай моладзевая падгрупы ў рамках Нацыянальнай платформы, каб выходзіць на міжнародны узровень. Частка ўдзельнікаў глядзяць на такую ідэю скептычна, крытыкуючы "палітычны турызм".

Актывіст "Студрады" Зміцер Гамянюк: "Мне здаецца, гэта ўсё зноўку прыйдзе да формулы: "Няма хлеба, няма долі, няма грошай, дайце болей!" Другое пытанне: хто на нацыянальным і міжнародным узроўні будзе займацца гэтай самай кансалідацыяй?"

Удзельніца круглага стала Марына мае падобныя сумневы: "Кожны раз вось так збіраемся і завяршаецца тым самым: словамі, што трэба збірацца разам, кансалідавацца. Але я не бачу суб'екта, вакол якога могуць аб'яднацца моладзевыя арганізацыі. Пытанне: ці жадаюць лідары асобных арганізацый нешта рабіць разам?"

Але Алеўціна Снігір з арганізацыі Next stop - New life лічыць, што нішто не перашкаджае моладзевым арганізацыям паралельна з супрацоўніцтвам унутры краіны рабіць нешта на новым узроўні.

Алеўціна Снігір: "Я лічу, што Нацыянальная платформа можа акурат стаць сур'ёзным этапам кансалідацыі моладзевых арганізацый. Не трэба чакаць, пакуль працэс самавызначэння пройдзе ўнутры, а тады ўжо меркаваць, ці трэба выходзіць на міжнародны ўзровень".

Такім чынам, вынікі круглага стала супярэчлівыя. Самі арганізатары круглага стала кажуць, што прыйшлі далёка не ўсе актывісты нават з тых арганізацый, што ўжо ўдзельнічаюць у працы Нацплатформы. Чакаецца, што да канца года адбудзецца сустрэча па ідэі стварэння моладзевай падгрупы. І калі прынамсі 15 арганізацый прыйдуць і ў гэтым зацікавяцца, то такую падгрупу будуць ствараць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі