Акцыя салідарнасці скончылася, было толькі тры чалавекі (абноўлена)
Спачатку былы палітвязень Васіль Парфянкоў, які ходзіць на ўсе акцыі салідарнасці ў Мінску, самотна прагульваўся па плошчы між міліцыянтамі і журналістамі.
Потым з'явіўся адзін з лідараў прадпрымальнікаў Аляксандр Макаеў і былы міліцыянт Мікалай Казлоў, які агучыў факты фальсіфікацыяў на парламенцкіх выбарах 2008 года. Было таксама заўважана некалькі жанчын, але невядома, ці бралі яны ўдзел у акцыі.
Чарговая акцыя салідарнасці з палітвязнямі павінна была прайсці сёння ў Мінску і ў іншых беларускіх гарадах. Грамадзянская кампанія “Еўрапейская Беларусь” заклікае неабыякавых людзей штодня выходзіць на цэнтральныя плошчы, каб падтрымаць асуджаных па палітычных матывах палітыкаў. Сярод іх два экс-кандыдаты ў прэзідэнты Мікола Статкевіч і Андрэй Саннікаў, а таксама лідар “Маладога фронту” Зміцер Дашкевіч.
У Мінску пікетаванне на Кастрычніцкай плошчы да сённяшняга дня праходзіла чатыры разы запар. Гэта былі нешматлюдныя пікеты, якія заканчваліся затрыманнямі асобных удзельнікаў. Сёння на Кастрычніцкай нікога не затрымлівалі.