На мяжы з Польшчай затрымалі жыхара Магілёва з фашысцкімі крыжамі (фота)
99 значкоў, маркіраваных свастыкай, ён вёз у Расію праз Беларусь. “Адрасатамі” груза, меркавана, былі неанацысты.
Разам з крыжамі і іншымі значкамі беларус спрабаваў правезці 6 нажоў у ножнах. Агульны кошт прадметаў складае 2 тысячы долараў.
Значкі і нажы, таксама пазначаныя свастыкай, знайшліся пад абшыўкай аўтамабіля. Увезці іх у Беларусь хлопец спрабаваў праз пункт пропуску “Варшаўскі мост”.
Кантрабандыст паведаміў, што атрыбуты неанацыстаў замовілі расіяне. За перавозку яму абяцалі вялікае ўзнагароджанне.
Прадукцыю са свастыкай канфіскавалі. Да рашэння суда канфіскаваны і аўтамабіль магілёўца, паведамляе сайт Памежнага камітэта.
Фота: gpk.gov.by.