На прыпынку побач з "Мінск-Арэнай" затрыманыя сябры "Еўрапейскага дзеяння"
Сярод іх двое непаўнагадовых. На ўсіх складзеныя пратаколы за дробнае хуліганства.
24 лютага побач з "Мінск-Арэнай" затрыманыя прыкладна 10 (па іншых звестках — 7) актывістаў арганізацыі "Еўрапейскае дзеянне". Хлопцы збіраліся правесці прабежку ў лесапарку за вуліцай Ціхай. Такія "дні здароўя" ЕД ладзіць раз на месяц. Але гэтым разам да месца збора пад'ехаў аўтазак.
"Месцам збора быў тралейбусны прыпынак побач з Мінск-Арэнай, — распавядае Еўрарадыё сведка падзеяў. — Збіраліся ў 13:00. Частка людзей, недзе дзесяць чалавек, накіравалася на месца правядзення мерапрыемства. Чалавек сем засталіся чакаць астатніх удзельнікаў. Але, калі праз нейкі час гэтай другой групе пачалі тэлефанаваць, у іх ні ў кога не адказваў тэлефон. Чатыры чалавекі накіраваліся высвятляць сітуацыю і былі таксама "прынятыя" ў аўтазак, у якім сустрэлі тую частку групы, якая засталася на прыпынку".
Па звестках сяброў ЕД, якія засталіся на волі, затрыманых адвезлі ў РАУС Цэнтральнага раёна. Вядома, што сярод іх адзін з арганізатараў мерапрыемства Анатоль Наўмовіч, а таксама двое непаўнагадовых. На ўсіх складзеныя пратаколы за дробнае хуліганства.
Непаўнагадовыя ўдзельнікі перапрыемства адпушчаныя. А астатнія чакаюць судоў у ізалятары на вуліцы Акрэсціна. Суды пройдуць у панядзелак.
"Еўрапейскае дзеянне" — нямецкая нацыяналістычная арганізацыя, заснаваная ў 2010 годзе. ЕД пазіцыянуе сябе як "палітычная баявая арганізацыя". Сябры ЕД называюць сябе "гібелінскімі змагарамі за волю" і імкнуцца супрацьстаяць "дэмакратыі, эгалітарысцкаму лібералізму і вяршэнству рынка, то бок — фінансавай алігархіі", а сваімі духоўнымі настаўнікамі называюць Макіавелі, Ніцшэ, Штайнера і Эволу.
Фота: вК.