Нацбанк: “Ёсць пастанова ўрада пра параметры эмісіі… Яна выконваецца”
Што будзе, калі спыніць станок? І што, калі яго ўсё ж такі не спыняць?
У Нацбанку адказу для Еўрарадыё няма. Намеснік старшыні праўлення НБРБ Сяргей Дубкоў кажа, што пытанне эмісіі не ў яго кампетэнцыі. А ў прэс-службе банка запэўніваюць, што ўсё ідзе, як і планавалася.
Нацбанк, Анатоль Драздоў: “У мяне няма каментароў па гэтым пытанні. Ёсць пастанова ўрада пра параметры эмісіі… Яна выконваецца”.
Фінансавы аналітык афіцыйнага партнёра "Альпары" ў Мінску Вадзім Іосуб упэўнены, што “хвост лепш абсекчы адразу”:
“Гэта балючая мера, але “хвост лепш абсекчы адразу”. Спачатку будзе цяжка, але з’явіцца шанец, што гэта скончыцца. У адваротным жа выпадку будзе балюча бясконца”.
Нагадаем, што аб'ём наяўных грошай з пачатку года павялічыўся на 57%!
Курс долара і цэны ў крамах будуць падвышацца бясконца, кажа Вадзім Іосуб:
“Эмісія безнаяўных грошай, якая апярэджвае рост эканомікі або друкаванне наяўных грошай, якое апярэджвае рост прадукцыйнасці працы, прыводзяць да інфляцыі (росту кошту тавараў) і да далейшай дэвальвацыі (росту курсу долара на "шэрым" рынку). Узнікае такая бясконцая спіраль. Гэта тое, што Беларусь праходзіла на пачатку 1990-х гадоў”.
Дарэчы, адно з патрабаванняў МВФ — спыненне друкавальнага станка. Але гэтае рашэнне палітычна непапулярнае.
Вадзім Іосуб: “Іншая рэч, што гэтыя меры даволі жорстка ўдараць па насельніцтве. Таму натуральна, што іх цяжка прымаць палітычна. Той, хто будзе гэтым займацца… папулярнасці ў народзе яму гэта не дадасць. Пачынаючы з чэрвеня, адбываецца індэксацыя прыбыткаў бюджэтнікаў, індэксацыя пенсіяў. Таму рыторыка пра скарачэнне эмісіі ёсць, але па лічбах бачым, што друкуюць болей”.
Пра сезоннасць роста грашовай масы кажа і эканаміст Сяргей Чалы:
“Рост грашовай масы звязаны з уборачнай. Несумненна, ён адаб’ецца на росце цэн. Хаця я не думаю, што ў Нацбанку не разумеюць пагрозы, якая стаіць перад эканомікай… Проста пакуль, напэўна, палітычны ціск на карысць грашовай эмісіі быў большы за здольнасць Нацбанка адстойваць сваю пазіцыю”.
Што будзе, калі станок усё ж такі спыняць? Рублёў стане менш і яны стануць больш дарагімі для бізнесу і фінансаў, кажа Сяргей Чалы. Згодна з яго словамі, гэта павінна азначаць далейшы рост стаўкі рэфінансавання і, адпаведна, павелічэнне кошта крэдытаў і прыбытковасці дэпазітаў.