“The New York Times” выходзіць у Мінску хутчэй, чым у Нью-Ёрку?

121206_martin_financial.mp3

У газетным шапіку на вакзале 5 снежня зранку заўважаем чорна-белую “Financial Times” за 30 тысяч рублёў. Газета за 3 снежня.

“Не шмат, але бяруць”, — запэўнівае мяне прадаўшчыца. 

Газеты ў шапіку на вакзале

У  “Minsk Hotel” у фае на стойцы таксама “Financial Times”. Нумар свежы, браць можна бясплатна. Прывозяць штодня.

Газета з гатэля

“Прывозяць кожны ранак. Яшчэ за сняданкам даюць лістоўку. Але гэта не паўнавартасная газета. Яна ёсць на нямецкай, на англійскай мове”, — распавядае супрацоўніца гатэля.

У пяцізоркавай гасцініцы "Crowne Plaza" на рэцэпцыі выданняў на англійскай мове не знаходзім. Для замежнікаў тут раздрукоўваюць з сайта брытанскую “Guardian”.

“Там газета на розныя тэмы раздзяляецца. Мы друкуем тры версіі абавязкова. І па жаданні гасцей можам іншае раздрукаваць. Па просьбе арабскіх гасцей шукаем арабскія выданні”, — тлумачаць у гасцініцы.

Пяцізоркавая гасцініца “Еўропа” замежных выданняў не друкуе і не выпісвае. А турыстам раіць… карыстацца інтэрнэтам і там чытаць навіны.

У краме “Глобус”, што на Валадарскага, з англамоўных выданняў толькі “The Мinsk Times”. Але замежны “Financial Times” таксама завозяць, упэўнівае мяне прадаўшчыца:

“Яна прыходзіць раз на тыдзень толькі. Але свежая…”.

Тыднёвую версію гэтага выдання друкуюць у Мінску. Але толькі чорна-белы варыянт. Іншых замежных выданняў пакуль друкаваць не збіраюцца, гавораць у “Белсаюздруку”.

Да таго ж у Мінску можна абраць замежнае выданне з двух тысяч розных газет. Такую паслугу прапануе “Белінфацэнтр”. Але кошты могуць напужаць…

“Кошты, можа, не для ўсіх прымальныя. "The Financial Times" каштуе 50 тысяч рублёў за адзін штодзённік, “New York Post” — 40 тысяч. “The New York Times” — 35 тысяч. Здараецца, што ў нас газеты выходзяць раней, чым у той краіне, дзе яе пішуць. Бо вёрстка праходзіць загадзя. У той краіне, напрыклад, ноч, а ў нас газета ўжо ёсць”, — расказваюць на фірме.

Газеты ў іх выпісваюць, акрамя амбасадаў і гатэляў, таксама звычайныя людзі.

“Выпісваюць “Guardian”, “The Times”, “The Telegraph”. У асноўным англійскія выданні, але бываюць нямецкія”.

І дадаюць, што такія прыватныя асобы звяртаюцца па газеты тры-чатыры разы на месяц, каб палепшыць веданне мовы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі