Някляеў зладзіў пікет-шоў і праспяваў дуэтам з Вайцюшкевічам
А таксама падтрымаў сваіх канкурэнтаў.
Каля 30 пікетаў па зборы подпісаў у падтрымку Ўладзіміра Някляева выставілі сёння актывісты кампаніі “Гавары праўду!” побач з ГУМам у Мінску. Як патлумачыў Еўрарадыё кіраўнік штаба прэтэндэнта ў прэзідэнты Андрэй Дзмітрыеў, такім чынам кампанія спрабуе паказаць, як шмат прыхільнікаў у Някляева.
Андрэй Дзмітрыеў: “Гэта проста ідэя паказаць, што нас шмат, што мы ёсць, што шмат людзей дапамагае Някляеву. Але трэба адзначыць, што зараз ёсць пікеты і на Якуба Коласа, і на Нямізе, і па раёнах. І зараз мы будзем пашыраць колькасць пікетаў. Да сярэдзіны тыдня ў Мінску будзе працаваць 70-80 пікетаў”.
Падтрымаў ідэю паказаць такім чынам шматлікасць прыхільнікаў Някляева і лідар “Справядлівага свету” Сяргей Калякін.
Сяргей Калякін: “Большасць подпісаў немагчыма сабраць на такіх пікетах. Для гэтага трэба ісці да людзей, размаўляць з імі, збіраць подпісы. Але тое, што людзі бачаць, што ёсць альтэрнатыва — у гэтым таксама ёсць сэнс. Бо шмат хто кажа: “Няма альтэрнатывы, нікога не бачу і што рабіць, не ведаю”.
Падпісаўшыся за Някляева, Калякін пайшоў да пікетаў Віталя Рымашэўскага і Андрэя Саннікава, што размясціліся побач. Па дарозе заўважыўшы, што па-ранейшаму разлічвае на аб’яднанне дэмакратычных сіл.
У гэты час ля ГУМа з’явіўся Ўладзімір Някляеў і адразу запытаўся, дзе ён можа падпісацца за іншых дэмакратычных прэтэндэнтаў.
Уладзімір Някляеў: “Я публічна зараз падпішуся за ўсіх кандыдатаў ад дэмакратычнай апазіцыі. Чаму? Паміж намі, безумоўна, ёсць спаборніцтва. Але гэта спартыўнае, а не палітычнае спаборніцтва. Палітычна мы ўсе разам”.
У адказ падпісаўся за Някляева сябра ініцыятыўнай групы Саннікава генерал Валерый Фралоў — праўда, выказаўшы сумнеў у здольнасці паэта кіраваць краінай.
Валерый Фралаў: “Для ўдзелу ў палітычнай дзейнасці акрамя ведаў трэба мець адпаведны прафесіяналізм. На жаль, пры наяўнасці самых лепшых якасцяў, гэтага ў яго не хапае. Набірацца досведу ў складанай для дзяржавы сітуацыі мне падаецца не самым лепшым варыянтам”.
Падтрымала генерала і настаўніца адной са сталічных школ, якая выпадкова праходзіла ля ГУМа.
Настаўніца: “Ён жа цудоўны паэт! Няхай бы займаўся паэзіяй сваёй спакойна. Клуб, можа, арганізаваў для аматараў паэзіі. А так, я думаю, разгубіць талент”.
З гэтым не пагадзіўся сябра паэта — літаратар Уладзімір Арлоў.
Уладзімір Арлоў: “Я думаю, што якраз удзел Някляева ў перадвыбарнай прэзідэнцкай кампаніі і перамога, у якую хацелася б верыць, не забяруць у нас беларускага паэта Някляева, а, можа быць, нададуць яму новы голас, новы ўзровень, новы досвед”.
У размове з Еўрарадыё старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына заявіла, што ёсць першыя парушэнні. Па паштовых скрынях распаўсюджваюцца перадвыбарныя ўлёткі Някляева — што забаронена да моманту рэгістрацыі. Пры гэтым Ярмошына заўважыла, што пакуль няма доказаў, што гэтыя ўлёткі раскідвае менавіта ініцыятыўная група Някляева. Сам паэт ад рэкламных газет адхрышчваецца.
Уладзімір Някляеў: “Нікому не замінае надрукаваць нешта, напісаўшы знізу “Гавары праўду!” і што гэта надрукавана ў Маскве, Піцеры ці Смаленску, і закінуць некаму ў скрыню. За гэта я адказваць не магу. Мне дастаткова той кампаніі, якую я правёў перад тым — я не збіраюся парушаць закон. І мне дастаткова будзе дынамічна правесці кампанію пасля рэгістрацыі, каб я ізноў жа не парушаў закон”.
Падтрымаць Някляева прыйшоў і спявак Зміцер Вайцюшкевіч.
Разам з паэтам яны выканалі песню “Сцяг”.
Фота і відэа Змітра Лукашука