Палітолаг: Сенсацый на сустрэчы Лукашэнкі з расійскімі журналістамі не было
Кірыл Коктыш лічыць гэта “прадказальным і чаканым”: галоўным у беларуска-расійскіх адносінах былі і застаюцца вуглевадароды.
"Такое не ў першы і не апошні раз, калі ішоў гандаль наконт доступу да расійскай нафты. Па-добраму, трэба было рабіць разлікі, але надзеі выканаўчай вертыкалі, што нафтавы бонус перакрые ўсё астатняе, і можна будзе нічога не пралічваць, мелі месца тады, і цяпер маюць месца. Увогуле я гляджу, што Аляксандр Рыгоравіч больш менш верны сабе, і тут сенсацый на сённяшняй сустрэчы з расійскімі журналістамі мы не атрымалі", ― каментуе для Еўрарадыё Кірыл Коктыш.
Падчас прэс-канферэнцыі кіраўнік Беларусі не абмінуў увагай адносіны з Расіяй. Аляксандр Лукашэнка назваў “кідком” уступленне Расіі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю, прыгадаў жаданне танна прыватызаваць беларускія прадпрыемствы і негатовасць пусціць Беларусь да здабычы расійскай нафты і газу.
Кірыл Коктыш мяркуе, што тут “мэсадж” зразумелы і просты. Схема з растваральнікамі “пакуль падвісла”, таму трэба забяспечваць паступленне рэсурсаў з Расіі па новым каналам.
Фота: Белсат.