Памёр знакаміты бразільскі футбаліст Сакратэс
Ён сканаў 4 снежня ў Сан-Паулу ва ўзросце 57 год. Прычынай смерці стала харчовае атручэнне.
Як піша The Daily Mail, Сакратэс атруціўся на мінулым тыдні ў рэстаране. Разам з ім атруціліся таксама жонка і сябар, але для іх наступствы былі не такімі цяжкімі. Некалькі месяцаў таму Сакратэс перанёс страўнікава-кішэчнае кровацячэнне. Гэта ўскладненне цырозу пячонкі, на які ён хварэў. Вядома, што былы спартсмен злоўжываў алкаголем і неўзабаве яму павінны былі рабіць перасадку пячонкі.
Сакратэс увайшоў у гісторыю спорту як адзін з найбольш папулярных футбалістаў Бразіліі і як адзін з найвядомейшых гульцоў клуба “Карынціянс”, за які выступаў у канцы 1970-х — пачатку 1980-х гадоў. Цягам многіх гадоў Сакратэс быў капітанам зборнай Бразіліі.
У 2004 годзе яго ўнеслі ў складзены Пеле спіс 100 найлепшых футбалістаў, якія цяпер жывуць.