Пасля зорнай кар’еры ў БАТЭ: Хагуш — у Ніжнекамску, Шытаў — у Саранску
Бразільскі “беларус” Рэнан Брэсан перайшоў у расійскую “Аланію”. Еўрарадыё ўзгадвае, як склаліся кар’еры іншых футбалістаў БАТЭ
У 2008-м годзе абаронца Анры Хагуш разам з БАТЭ прабіўся у Лігу чэмпіёнаў. Паспяхова, гуляў супраць “Рэала” і “Ювентуса”. Анры як моцнага і перспектыўнага гульца падпісаў казанскі “Рубін”.
Адтуль Хагуша адправілі мыкацца па арэндах у іншыя клубы ― “Кубань”, “Растоў”, “Спартак-Нальчык”. Еўрарадыё знайшло “барысаўскага Гатуза” ў ніжнекамскім “Нафтахіміку” ― у другім (!) дывізіёне чэмпіянату Расіі.
“Шкадаваць не варта. Але, калі пераходзіў з БАТЭ, зрабіў няправільны выбар, ― па-філасофску разважае Анры. — Клуб прапаноўваў іншую моцную расійскую каманду. Што мне абяцалі ў “Рубіне”, нічога не выканалі. Я прыехаў на першы збор, і адтуль ― у арэнду. Не далі шанцаў нават патрэніравацца ў “Рубіне”.
Кантракт 26-гадовага Анры Хагуша заканчваецца хутка ― 31 снежня футбаліст пачне пошук новай каманды. Цікавімся ў Анры, ці перайшоў бы ён у БАТЭ?
Хагуш: Прапановаў такіх не было. А калі б былі, думаю, вярнуўся б.
Еўрардыё: Чаму пасля Барысава кар’ера склалася такім чынам?
Хагуш: Я мяркую, што ў БАТЭ зусім іншая атмасфера. Адчуваеш сябе разняволеным. Гульцы, трэнеры, прэзідэнт ― усе як адна сям’я. Калі табе давяраюць, ты гуляеш зусім па-іншаму. І плюс — Ганчарэнка ― моцны трэнер. Можа, нешта не атрымлівацца, але разняволенасць вялікая, упэўненасць у сваіх сілах. Я прыехаў у “Рубін”, там ― зусім па-іншаму.
Разам з Анры Хагушам абарону БАТЭ забяспечваў яшчэ адзін “цвёрды” гулец асновы ― Сяргей Сасноўскі (31 год). Ён гуляе за расійскі клуб другога дывізіёну ― “Томь”.
Праўда, сюды Сяргей перайшоў з БАТЭ ў 2011-м годзе, тады гэта каманда гуляла у Прэм’ер-лізе. У хуткім часе пасля пераходу Сяргей атрымаў траўму.
“Ён цяпер у адпачынку. Нядаўна ўзнавіўся ад пашкоджання крыжападобнай звязкі, ― паведамляе Яўген Гайдук, агент футбаліста. ― З верасня ён у агульнай групе, і ўжо гатовы гуляць. У “Томі” ў яго яшчэ паўгода кантракт. Можа, пяройдзе ў іншую каманду, можа, застанецца тут”.
Летам 2011 года стала вядома пра пераход у маскоўскае “Дынама” з БАТЭ абаронцы Ігара Шытава (26 год) і паўабаронцы Паўла Няхайчыка (24 гады). Першы сёння гуляе ў арэндзе ў саранскай “Мардовіі” (клуб займае апошняе месца ў Прэм’ер-лізе Расіі). Ігар Шытаў — у асноўным складзе:
“Да канца сезона, да лета, тут буду гуляць. Паглядзім, можа, нешта зменіцца ў поглядах трэнера “Дынама”. Я цяпер паказваю нармальны футбол, але ад мне залежыць не ўсё”.
У маскоўскім “Дынама” Ігар сутыкнуўся з такімі ж праблемамі, як і Анры Хагуш у “Рубіне”.
Ігар Шытаў: “У Расіі стаўленне да футбалістаў зусім іншае, прахалоднае. Калі ты не паказваеш футбол, які патрэбны трэнеру, то цябе доўга чакаць не будуць. У БАТЭ зусім па-іншаму: свая краіна, трэнер добра разбіраўся ў псіхалогіі гульцоў, падыход быў індывідуальны да кожнага футбаліста. Калі ёсць давер, то і ўпэўненасць з’яўляецца, гуляць пачынаеш лепш”.
Павел Няхайчык, калега Ігара, выступаў за “Дынама” з пераменным поспехам. Гуляў за моладзевы склад каманды, правёў шэсць матчаў у асноўным складзе.
Сяргей Крывец забіў першы беларускі гол у групавым раўндзе Лігі чэмпіёнаў (2008 год). У 2009-м годзе футбаліста выкупае польскі “Лех”. Праз 3 гады еўрапейская футбольная кар’ера Сяргея спынілася ― гулец выправіўся ў кітайскі “Цзянсу Сайнці”.
У кітайскай Суперлізе сёння гуляюць такія зоркі, як Нікаля Анэлька і Дзідз’е Драгба. Але перспектывы Сяргея Крыўца не выглядаюць вясёлкавымі. Ды і гуляць стабільна ў асноўным складзе не атрымліваецца, у тым ліку, з-за ліміту на легіянераў. Цікавімся ў футбаліста, ці задаволены ён кар’ерай?
“Напэўна, не да канца задаволены. Хацелася б большага. Але я думаю, што ўсё атрымаецца. Галоўнае ― працаваць. Галоўнае ― верыць у сябе”, ― кажа Сяргей Крывец.
Еўрарадыё: Можа, разглядаеце для сябе іншыя варыянты?
Сяргей Крывец: Пакуль нічога канкрэтнага, таму што дзейнічае двухгадовы кантракт, трэба яго адпрацоўваць. Ну, а наконт іншых варыянтаў, ніхто да мяне пакуль не звяртаўся. Калі будуць прапановы, будзем размаўляць.
Дарэчы зараз Сяргей знаходзіцца ў адпачынку і завітаў у Мінск. Плануе выправіцца ў Мюнхен каб жыўцом паглядзець матч барысаўчан і "Баварыі".
Былы галкіпер БАТЭ Сяргей Верамко ўпэўнена адчувае сябе першым нумарам у самарскіх “Крылах саветаў” (Прэм’ер-ліга Расіі). Але такой стабільнасці дабіваецца мала хто з былых барысаўскіх калег Сяргея.
Некаторыя былыя гульцы “БАТЭ” (Ягор Філіпенка, Віталь Радзівонаў, Міхаіл Сівакоў, Аляксандр Глеб) у цяжкія моманты сваёй кар’еры ўсё ж вярталіся ў Барысаў. І нічога, зноў гралі першымі скрыпкамі.