Польшча спрабуе гуляць з хакеістам Лукашэнкі ў шахматы
Так ацэньвае палітыку МЗС Польшчы на беларускім кірунку дэпутат Сейма ад апазіцыйнай партыі "Права і справядлівасць" Адам Ліпіньскі.
Заявы аб польска-беларускіх адносінах дэпутат зрабіў сёння, напярэдадні прыняцця Сеймам рэзалюцыі па сітуацыі ў Беларусі, перадае РАР.
На думку Ліпіньскага, размовы аб тым, што "з рэжымам Лукашэнкі ўдасца дамовіцца, ёсць ілюзіяй". "З дыктатарамі ніхто не дамовіцца", — адзначыў ён.
Паводле словаў дэпутата, МЗС Польшчы заяўляе, што "польская палітыка на беларускім кірунку нагадвае гульню ў шахматы з беларускім рэжымам". "Але нагадаю, што ўлюбёным відам спорту Лукашэнкі з'яўляецца хакей, і ён гуляў з намі так, як гуляюць у хакей. Можа быць, варта выняць з гэтага ўрокі", — заявіў ён.