Праваабаронцы: у справе Канавалава-Кавалёва хочуць схаваць канцы ў ваду

Намеснік старшыні Беларускага хельскінкскага камітэту Гары Паганяйла ў інтэрв’ю Радыё Свабода назваў расстрэл Уладзіслава Кавалёва “ірацыянальнымі паводзінамі хворага чалавека”. Яму цяжка меркаваць, што менавіта стаіць за такім хуткім выкананнем прысуду. Але многія, хто выказваў сумневы адносна справядлівасці прысуду, шматлікіх супярэчнасцяў і падчас следства, і падчас судовага працэсу маюць рацыю.

На думку спадара Паганяйлы, многія, хто меў дачыненне да гэтага працэсу, хочуць такім чынам хутчэй схаваць канцы ў ваду. “Я думаю, што той, ад каго залежаў лёс гэтых хлопцаў, і асабліва Кавалёва (таму што многія разлічвалі на тое, што Кавалёва могуць памілаваць, і варта было б памілаваць) проста дзейнічае на хвалі жорсткай канфрантацыі, крытыкі і жорсткай размовы з Захадам. Вядома, што ў Камітэце па правах чалавека ААН разглядаецца скарга і асуджанага, і маці”, — заявіў праваабаронца.

Гэта сведчыць пра грэбаванне, ігнараванне вызначанага міжнароднага парадку, аўтарытэту міжнародных праваабарончых органаў, сказаў Гары Паганяйла.

Праваабаронца Таццяна Равяка назвала такое хуткае выкананне прысуду абуральным, бо яшчэ нават не разглядалася наглядная скарга. У каментары “Салідарнасці” яна адзначыла, што хаця б мінімальныя прававыя працэдуры павінны выконвацца. “Гэта проста дэманстрацыя сілы, грубага падыходу не толькі да права, але і, у першую чаргу, да гэтых людзей”.

Са словаў Таццяны Равякі, “за кампанію” з Канавалавым і Кавалёвым маглі расстраляць яшчэ аднаго асуджанага да вышэйшай меры — гомельскага рабаўніка і забойцы Ігара Мятліка, якому таксама адмоўлена ў памілаванні. Ад яго ўжо трэці тыдзень няма лістоў.


Паводле меркавання яшчэ адной праваабаронцы, Людмілы Гразновай, улады сапраўды хаваюць канцы ў ваду. Прычым гэта адбываецца ў часе сесіі Камітэту ААН па правах чалавека.

"Расстрэлы, якія праходзяць, пакуль камітэт разглядае скаргу, адбываюцца спецыяльна, каб справакаваць канфлікт. Вось толькі каму гэта трэба?" — гаворыць Гразнова.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі