Рэктара Брэсцкага ўніверсітэта просяць зрабіць неўязным у ЕС
Дэмакратычныя актывісты з Брэста збіраюць подпісы пад просьбай не пускаць у Еўрасаюз рэктара Брэсцкага ўніверсітэта Мечыслава Часноўскага.
Днямі тэкст будзе накіраваны старшыні Еўрапарламента Ежы Бузэку, міністру замежных спраў Польшчы Радаславу Сікорскаму і паслу Польшчы ў Беларусі Лешаку Шарэпку.
Старшыня брэсцкай абласной арганізацыі Свабоднага прафсаюза Беларускага Валянцін Лазарэнкаў патлумачыў Еўрарадыё:
Лазарэнкаў: "У перыяд з 2005 па сёння з універсітэта былі звольнены 5 сябраў Свабоднага прафсаюза. 12 супрацоўнікаў, якія ўваходзілі ў структуру Свабоднага і якім падыйшоў час перазаключаць кантракт на працу, мусілі пайсці з прафсаюза пасля гутарак з рэктарам Часноўскім".
З імем рэктара Часноўскага і дэкана Севярына звязваюць таксама адлічэнне студэнткі другога курса факультэта замежных моваў Аліны Літвінчук. Дзяўчыну, кажа Лазарэнкаў, фактычна адлічылі за нелаяльнасць.
Варта нагадаць, што пры заступленні на пасаду ў 2002 годзе Мечыслаў Часноўскі заявіў, што зробіць з БрДУ “еўрапейскі ўніверсітэт”.