"Справу аб локшынах" перанеслі на 26 студзеня
Такое рашэнне прыняла камісія па справах непаўналетніх адміністрацыі Маскоўскага раёну Мінску.
Нагадаем, што 12 студзеня яна пачала разгляд справы Уладзіслава Лобава. Міліцыянты вінавацяць хлопца ў тым, што ён разам з двума сябрамі вываліў вядро вараных локшынаў на ганак Белтэлерадыёкампаніі.
Як перадае Радыё "Свабода", Уладзіславу Лобаву яшчэ няма 18 гадоў, таму яго запрасілі на паседжанне разам з бацькамі. На паседжанні былі педагогі, чыноўнікі, а таксама міліцыянт і нарколаг. Хлопец заявіў хадайніцтва, каб на паседжанне запрасілі ў якасці сведкаў супрацоўнікаў аховы Белтэлерадыёкампаніі. Па словах Лобава, сам ён у акцыі не ўдзельнічаў, а толькі прысутнічаў побач. У выніку разгляд справы перанеслі на 26 студзеня.
Дарэчы, за вядро локшыны каля Белтэлерадыёкампаніі ўжо асуджаныя два актывісты беларускіх "нацыянал-бальшавікоў". Дзяніс Сахар аштрафаваны на 1 мільён 50 тысяч рублёў, а Яўген Контуш — на паўмільёна рублёў.