Stardust Circus прадставяць Беларусь на фінале Emergenza СНД

120530 Malina Emergenza.mp3

"Ты ведаеш каго-небудзь са спісу выступоўцаў? Вось і я толькі дзве-тры назвы чуў, а як гучаць, можа, і нікога..." - такімі словамі віталіся сябры журы ў Re:Public перад фіналам Emergenza Belarus. У параўнанні з мінулагоднімі канкурсантамі, нечакана сёлетні ўзровень выступоўцаў апынуўся значна ніжэйшым. Аднак пераможца быў абраны сапраўды з вялікім адрывам.


"Першае месца Stardust Circus, у іх 108 галасоў, - агучвае пераможцаў адзін з арганізатараў адбору Віталь Ціхановіч. - Другое - Bulba Fusion з больш чым 70 галасамі, то бок, каля 30 балаў розніцы. Трэцяе месца J-J Bingz, у іх 31 голас і чацвёртае месца гурт Energy, якія цудам прайшоў, бо ад 5-х іх аддзяляў толькі адзін голас".


Схема галасавання засталася нязменнай. Гледачы шляхам узняцця рук выбіралі з дзевяці гуртоў чатыры, якія траплялі на разгляд журы. Журы адразу пасля выступу калектыву на сцэне выстаўляла адзнакі, якія сумаваліся, і вызначаліся пераможцы.

Відаць, журы вельмі падабаецца выступоўца!)

У выніку менавіта Stardust Circus 1 ліпеня будуць граць у Маскве на фінале СНД, у якім, апроч беларусаў выступяць пераможцы кіеўскага адбору ды прадстаўнікі яшчэ дзесяці расійскіх гарадоў.


"Нашы фінансавыя магчымасці пакуль не дазваляюць рэалізаваць усе ідэі, ды ўвогуле, ўсё што ў нас у галаве, - распавядае пра планы на Маскву гітарыст Stardust Circus Жэня Зыковіч. - Шмат што нам не дазваляюць рабіць беларускія клубы з-за правілаў пажарнай бяспекі і гэтак далей. Мы думаем, што ў маскоўскім "Б1" будзе з гэтым прасцей, таму мы плануем дадаць розных спецэфектаў, магчыма, феерверкаў".


Падтанцоўку, якая ўразіла ды захапіла без сумневу ўсіх наведвальнікаў Re:Public мужчынскага полу, хлопцы таксама плануюць паказаць і ў Маскве, робячы немалую стаўку на шоў. Што будзе з музычнай праграмай, у якую на мінскім фінале Stardust Circus уключылі песню Sweet Dreams гурта Eurythmics, пакуль яшчэ не вызначана.

Пераможцы Stardust Circus спрабавалі ўразіць публіку рознымі спосабамі

"Думаю, мы зараз будзем вырашаць гэта на рэпетыцыях, варта, ці не, - працягвае гітарыст. - Можа быць, нейкі іншы кавер зрабіць. Можа, выканаем што-небудзь з класікі глэм-рока ці рок-н-рола. Паглядзім!"

За другое месца фанк біг-бэнд Bulba Fusion атрымаў цэлы шэраг розных шнуроў, прымочак, чахлоў ад крамы Guitarland. Ну, а за трэцяе месца мінскім ска-панкам прапанавалі выступ на сцэне "Солнце" расійскага фестывалю "Соседний мир". Праўда, самі J-J Bingz адмаўляюцца ад гэтага падарунку.

J-J Bingz другі раз у фінале і толькі трэцяе месца


"Справа ў тым, што яны б у любым выпадку паехалі туды выступаць, - тлумачыць дырэктар гурта. - Яны ў мінулым годзе туды не даехалі і фестываль дазволіў ім прыехаць яшчэ раз. Таму зараз J-J Bingz вырашаюць, каму аддаць сваю ўзнагароду".


Нагадаем, фестываль Emergenza ўжо другі раз праходзіць у нашай краіне. Мінулым разам у нацыянальным адборы а потым і ў агульным расійска-беларускім фінале перамог мінскі фанк-гурт No Comment Band. На міжнародным фінале Emergenza, які з'яўляецца часткай нямецкага буйнога фестывалю Tаubertal, яны занялі 10-е месца, а бас-гітарыст бэнда Алег "Лімон" быў названы другім майстрам чатырохструннай гітары на конкурсе.

Шчаслівы момант перамогі

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі