Сведка: Калі пайшоў газ, народ пабег ад аўтазака і ад губернатара
Еўрарадыё датэлефанавалася да сведкі ўчорашніх падзеяў у Брузгах Дзяніса.
Еўрарадыё: Ці сапраўды было жорсткае збіццё людзей, затрыманні?
Дзяніс: “Так, быў разгон мірнай акцыі”.
Еўрарадыё: Колькі чалавек было затрымана?
Дзяніс: “Я не магу сказаць. Але мне здаецца, шмат затрымалі, гледзячы на тое, што другі яшчэ аўтазак пад’язджаў”.
Еўрарадыё: Як гэта ўсё пачалося, што стала прычынай?
Дзяніс: “Гэта была цалкам мірная акцыя на пешаходным пераходзе. Калі прыехала нашае гарадское (насамрэч, абласное — Еўрарадыё) кіраўніцтва, адразу пачало размову так. Словы даслоўна нашага губернатара былі: “Не ўсе сёння даедуць дадому”... Вось так ён пачаў сваю размову з народам. Але народ пайшоў на размову. Губернатара слухалі, ён абяцаў, што нешта паспрабуе зрабіць. Народ яго слухаў і ўсё было добра. І недзе за хвілінаў 10 ад таго, як пачаўся разгон, народ ужо быў гатовы адыйсці ад дарогі. Былі ўжо канкрэтныя пытанні, што нам рабіць у гэтай сітуацыі. І тут з’явіўся АМАП. І тады народ перастаў слухаць губернатара і пайшоў бліжэй да пешаходнага перахода”.
Еўрарадыё: Ці была нейкая размова са спецназам?
Дзяніс: “Калі яшчэ была першая хваля, народ узяўся за рукі, спяваў наш гімн. І пасля гэтага першая хваля АМАПу адступіла. Пасля гэтага была другая хваля, якая ўжо разагнала [людзей]”.
Еўрарадыё: А чаму вы лічыце, што першая хваля адступіла. Яны чакалі падтрымкі, ім не хапала сілаў ці Сямён Шапіра таксама спрабаваў цягнуць час?
Дзяніс: “Не было падобна, што губернатар чакаў аўтазакаў. Ён фактычна знайшоў агульную мову [з людзьмі], ну, 10 хвлілін засталося весці гаворку, для поўнага рашэння ўсіх пытанняў, але выступіў АМАП. Гэта паказала, што гаспадар у нас у горадзе не губернатар, а нехта іншы”.
Еўрарадыё: Што менавіта казаў Шапіра, што ён абяцаў?
Дзяніс: “Казаў, што гэтае пытанне будзе падымацца. Там пытанне стаіць не ў тым, колькі перавезці ў адзін дзень паліва, а ў тым, што людзі, якія ўчора былі на літоўскай мяжы, а сёння яны ўжо Брузгі не змаглі праехаць... Ім сказалі, што вы ўчора пераязджалі Друскенікі, ездзілі ў аква-парк, вы маглі везці туды салярку. Пытанне ў гэтым – не пускалі народ той, які ездзіў учора, пазаўчора”.
Еўрарадыё: Ці ў вас ёсць інфармацыя пра затрыманых? Будуць суды над імі?
Дзяніс: “Не, гэтай інфармацыі няма, бо ўчора пасля першага разгона гэтай мірнай акцыі, народ сабраўся каля аўтазака і там стаяў наш губернатар. “Наш” ужо пэўна кепска казаць, бо даверу да яго няма — і народ прасіў, каб ён паўплываў, каб адпусцілі людзей. (Людзі нічога ўвогуле не рабілі. І недзе чалавек 15 дзяцей да 12 гадоў было, якія ўсё гэта бачылі і таксама патрапілі пад гэты газ. І губернатар патрапіў). І там, калі ўсе стаялі каля аўтазака, губернатару казалі, каб адпусцілі людзей, бо яны нічога не рабілі. То губернатар нічога не мог сказаць, бо ён сам быў у шоку, не кожны дзень такія "прыгоды" яму выпадаюць. І ў гэты час зноў АМАП пачаў акружаць аўтазак, пайшоў газ і народ пабег ад аўтазака, і ад губернатара Гродзенскай вобласці”.
Еўрарадыё: Ад каго мог паступіць такі загад, пра разгон людзей?
Дзяніс: “Дакладна я не магу сказаць, але я стаяў блізка каля губернатара і, падаецца, ён не даваў такой каманды. Але не ведаю дакладна”.
Еўрарадыё: Колькі было аўтазакаў?
Дзяніс: “Адзін аўтазак быў адразу, у які закідвалі людзей. А другі аўтазак ён ужо пад’язджаў пазней, калі мы ўжо раз’язджаліся адтуль”.
Фота — nn.by