У Брэсце пахавалі раварыстку Паліну Жук, якая разбілася ў Туле
Грамадзянская паніхіда прайшла ў спецыялізаванай дзіцяча- юнацкай школе №2, дзе яна трэніравалася.
Праводзіць Паліну прыйшлі некалькі соцень брэстчанаў. Настаўніца спортшколы сказала:
“Паліна ў нас раней трэніравалася. Я працую тут, нашмат раней за яе прыйшла. Мой сын ужо на трэніроўкі ходзіць. Яна аб палатно стукнулася. Адны кажуць, трубка лопнула, іншыя, што локці выстаўлялі саперніцы. Ёсць такі тактычны прыём, локці выстаўляць, каб не прапускаць...”
Нагадаем, 20-гадовая беларуская раварыстка трагічна загінула ў Туле. Дзяўчына атрымала 22 траўня на бетонным трэку траўму, несумяшчальную з жыццём. Паліна Жук вучылася на другім курсе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізкультуры на дзённай форме навучання. Яна была майстрам спорту, чальцом нацыянальнай зборнай па веласпорце.
Двое бліжэйшых родзічаў Паліны Жук таксама раварысты. Дзядуля Сяргей Рабчук — майстар спорту СССР, заслужаны трэнер Беларусі, бабуля Марыя Груздова — майстар спорту СССР па веласпорце.