У конкурсе Канскага кінафэста пакажуць фільм з беларускімі каранямі

120515 Eurafokus.mp3

Расійскі кінакрытык Андрэй Плахаў называе фільм “У тумане” “экзістэнцыяльнай драмай на партызанскім матэрыяле”. Эмацыйнае напружанне, уласцівае творам Васіля Быкава, Сяргей Лазніца падкрэслівае адсутнасцю музыкі. Але неспадзявана выяўляецца, што 24 траўня стваральнікам стужкі няма пад што прайсці па чырвонай дывановай дарожцы Канскага кінафэсту!

Як даведалася Еўрарадыё, здымачная група папрасіла ў Касі Камоцкай дазвол на тое, каб выйсці да гледачоў пад песню “Мой паляўнічы” з “Народнага альбома”:

“Рэч у тым, што ў іх у фільме ўвогуле няма музыкі, — распавядае Еўрарадыё Кася Камоцкая. — Я ўчора размаўляла… Бо мяне таксама зацікавіла, пры чым тут я. А ў іх вельмі класны гукарэжысёр, ён беларус. І я кажу: “Дык што, няма музыкі ў вас?” — “Няма, кажуць, у нас толькі птушыныя спевы”.

“У тумане” — фільм з беларускімі каранямі. Рэжысёр стужкі Сяргей Лазніца нарадзіўся ў Баранавічах, выканаўца галоўнай ролі Уладзімір Свірскі — у Барысаве. Што праўда, Лазніца атрымаў адукацыю ў Кіеве, а жыве ў Берліне, а Свірскі скончыў Расійскі ўніверсітэт тэатральнага мастацтва і працуе ў Маскве… На думку кіназнаўцы Людмілы Саянковай, “беларускага”, акрамя постаці Васіля Быкава, у фільме няшмат.

“Беларусьфільм” толькі крыху ўдзельнічаў, прадставіўшы павільёны, — пагаджаецца кінакрытык Вячаслаў Ракіцкі. — Але, на маю думку, фільм гэты найбольш беларускі. Бо ў аснове яго ляжыць беларуская проза і беларуская гісторыя. І яна там будзе, я перакананы ў гэтым. Для Лазніцы было надзвычай важна экранізаваць Быкава. Ён гэтыя размовы вёў даўно і, наколькі я ведаю, у яго нават быў дазвол ад Васіля Уладзіміравіча”.

У расійскай прэсе Лазніцу называюць “рэжысёрам, які здымае на рускай мове”. А “У тумане” успрымаюць ледзь не як супрацьлегласць яго папярэдняй працы, карціне “Шчасце маё”, у якой сучасная Расія трапіла пад знішчальную крытыку.

“А ў Расіі пачалі пісаць: “Фільм прадставіць Расію на Канскім кінафестывалі!”. Дык вось, ніякую Расію ён не прадставіць! Рэч у тым, што на Канскім фестывалі вельмі няшмат значыць, з якой краіны прыехаў фільм. Як і іншыя буйныя фэсты — гэта, найперш, фэсты рэжысёраў”, — працягвае Вячаслаў Ракіцкі.

Некалькі супрацоўнікаў “Беларусьфільма”, якія ўдзельнічаў ў вытворчасці “У тумане”, ужо займаюцца арганізацыяй беларускага павільёна ў Кане. На дзіва, вялікай падзеі з удзелу ў сёлетнім Канскім кінафэсце на кінастудыі не робяць:

“Мы і летась удзельнічалі. І летась быў адкрыты беларускі павільён”, — адкаментаваў Еўрарадыё начальнік сцэнарна-маркетынгавай службы “Кінапраект” Анатоль Каралёў.

Але дырэктар “Беларусьфільма” Алег Сільвановіч у Каны ўсё ж пад’едзе — бліжэй да 24 траўня, калі адбудзецца прэм’ера “У тумане”.

Фота: kinobizon.ru.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі