У Нясвіжскім замку адкрываецца выстава Паўла Татарнікава
Мастак пакажа свае славутыя рэканструкцыі старадаўніх беларускіх гарадоў.
Выстава “Твар гісторыі” адкрываецца ў сераду, 28 лістапада а 15.00 і працягнецца па 13 студзеня 2013 года. Час працы выставы ад 8.00 да 19.00. Наведнікі змогуць на імгненне перанесціся ў гарады даўніх часоў, якія Татарнікаў вымалёўвае ў найдрабнейшых дэталях.
На выставе будуць паказаныя мастацкія рэканструкцыі беларускіх сярэднявечных гарадоў і замкаў часоў Полацкага княства, Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, у тым ліку і рэканструкцыя самога Нясвіжскага замка. Некаторыя мяркуюць, што на карцінах Татарнікава нашыя помнікі архітэктуры выглядаюць яшчэ больш рамантычна і ўзнёсла, чым у рэальнасці. А улічваючы, што многія з іх стаяць у занядбаніі, карціны Татарнікава — адзіная магчымасць памроіць шляхетнай Беларуссю.
Павел Тататрнікаў — вядомы мастак ілюстратар, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, міжнароднай прэміі “Залатое пяро” (Бялград, 1989), уладальнік Гран-пры конкурса “Мастак і кніга” (2000), двойчы лаўрэат прэміі “Залаты яблык” (2001, 2009) Міжнароднага біенале ілюстрацыі ў Браціславе, уладальнік тытула “Найлепшы ілюстратар года” Нацыянальнага конкурса “Мастацтва кнігі” (2007).