Вядомага фермера са Століншчыны затрымалі за аўтааварыю
7 студзеня позна ўвечар затрыманы кіраўнік фермерскай гаспадаркі "Давыд-Універсал" Столінскага раёна Сяргей Грыб.
Пра гэта піша "Народная Воля" са спасылкай на журналістку Тамару Цібароўскую.
Фермеры з вёскі Альшаны Столінскага раёна Іван і Міхаіл Грыб праславіліся на ўсю краіну сваімі гурковымі плантацыямі. Яны не хавалі, што ў сезон са сваіх плантацый кожны дзень адпраўляюць у Расію гуркоў на мільён долараў. Гэта яны летась прарываліся на сустрэчу да Аляксандра Лукашэнкі з патрабаваннем вылучыць ім новыя землі.
Па слядах бацькоў пайшлі і дзеці. 21-гадовы Сяргей — сын Міхаіла Грыба. Як высветлілася, на Каляды яго затрымалі па абвінавачванні ў здзяйсненні ДТЗ са смяротным зыходам.
Міхаіл ездзіў на BMW X5. Увечары 4 студзеня ў роднай вёсцы Альшаны ён збіў мужчыну і ўцёк з месца здарэння. Пешаход сканаў на месцы. Як пазней высвятлілася, у яго на куртцы нават былі флікеры. У той дзень ішоў мокры снег з дажджом. Кіроўца казаў, што прыняў мінака за снежны камяк.
На фота — фермеры Грыбы на прыёме ў тагачаснага кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Уладзіміра Макея.