Вынікі расследавання выбуху пад Лагойскам абвесцяць у лютым
Пра гэтам Еўрарадыё паведамілі ў Следчым камітэце.
Супрацоўніца Следчага камітэта: “Па гэтай справе тэрмін расследавання вызначаны да 8 лютага”.
Працэсуальнае рашэнне абвесцяць у той жа дзень. Такім чынам з часу здарэння ў вёсцы Малінаўка пад Лагойскам пройдзе роўна год. Нагадаем, 8 лютага 2012 года ў выніку выбуху быў знішчаны пад’езд жылога трохпавярховага дома. Адзін чалавек загінуў, яшчэ некалькі моцна пацярпелі. Жыхароў разбуранага будынка рассялілі па кватэрах, а сам дом адбудоўвалі аўральнымі тэмпамі — людзей засялілі ў яго на пачатку кастрычніка.
Першапачаткова прычынай такога моцнага выбуху называлі ўцечку газа (у той дзень ля дома працавалі газавікі). Аднак афіцыйна гэта так і не было пацверджана. Абвяшчэнне вынікаў следства неаднаразова пераносілася, апошні раз яны павінны былі быць апублікаваныя 31 снежня 2012 года. Некаторыя жыхары дома мяркуюць, што вынікі следства ўтойваюцца мэтанакіравана. Маўляў, няма вінаватых, няма на каго і ў суд падаваць, патрабуючы кампенсацыі за страчаную маёмасць.